Рассельгаснагляд: Беларусь фальсіфікуе статыстыку паставак з трэціх краінаў
Рассельгаснагляд выступіў з новымі абвінавачаннямі на адрас Беларусі: заявіў, што наша краіна фальсіфікуе статыстыку паставак садавіны і гародніны з трэціх краінаў. Паводле расійскага кантрольнага ведамства, аналіз дадзеных рабіўся на падставе адкрытых крыніцаў, у тым ліку статыстычных матэрыялаў ITC (Міжнародная канферэнцыя па гандлі і развіцці ААН) — UN COMTRADE адносна атрымання інфармацыі аб дапушчаных Беларуссю парушэннях у сістэме кантролю бяспекі рээкспартнай прадукцыі. У выніку даследавання былі атрыманыя звесткі аб аб’ёме экспарту садавіны і гародніны з 132 краінаў у Беларусь з 2012 па 2017 гады.
Паводле расійскага боку, з моманту ўвядзення ў жніўні 2014 года “контрсанкцыяў” у дачыненні шэрагу заходніх краінаў, у Беларусь рэзка ўзраслі пастаўкі такой прадукцыі. Калі ў 2013 годзе сумарныя пастаўкі не перавышалі 606,4 мільёна долараў, то ў 2014 годзе гэтыя аб’ёмы дасягнулі ўжо 1 мільярда 229,6 мільёна долараў. У 2015 годзе закупкі былі ўжо на 1 мільярд 865,3 мільёна долараў.
У 2016 годзе, калі Рассельгаснагляд узмацніў кантроль на мяжы з Беларуссю, закупкі знізіліся да 1 мільярда 551 мільёна. Пры гэтым на піку закупак вядучымі пастаўшчыкамі садавіны і гародніны ў Беларусь заставаліся краіны ЕС, супраць якіх Расія і ўвяла “контрсанкцыі”.
Паводле беларускіх звестак, прадукцыя завозілася ў краіну з 117 дзяржаваў, хоць у рэальнасці гаворка ідзе толькі пра 48 краінаў, заяўляюць у Рассельгаснаглядзе. Такім чынам, Беларусь фальсіфікавала дадзеныя і ўключыла ў статыстыку неіснуючыя пастаўкі, а большая частка аб’ёму прадукцыі прыйшла з краінаў ЕС нелегальнымі каналамі.
Цяпер Рассельгаснагляд разглядае магчымасць прысутнасці сваіх інспектараў пры адгрузцы асобных відаў прадукцыі непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. У такіх выпадках партыі, якія прайшлі кантроль, не будуць правярацца на мяжы. Напрыклад, Рассельгаснагляд лічыць мэтазгодным пракантраляваць адгрузку суніцаў, якія маюць пастаўляць з Беларусі ў Расію.