Раварыста, затрыманага за супраціў міліцыянту, вінавацяць і ў парнаграфіі
11 кастрычніка а 10-й гадзіне ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачнецца працэс над раварыстам Дзмітрыем Паліенкам. Справу будзе разглядаць суддзя Валеры Есьман, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Хлопца вінавацяць у гвалце або пагрозе гвалту да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Максімальнае пакаранне за гэта — шэсць гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, Паліенка паведаміў праваабаронцам, што дадаткова яму выставілі абвінавачанні ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. Гэты артыкул пагражае пазбаўленнем волі ад двух да чатырох гадоў.
Паліенку разам з іншымі ўдзельнікамі роварнай акцыі "Крытычная маса" жорстка затрымалі ўвечары 29 красавіка. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мінскія АМАПаўцы затрымалі шасцярых чалавек, якіх моцна збілі. Пазней чацвёра затрыманых падпісалі пратаколы пра парушэнне правілаў дарожнага руху і супраціве міліцыі, а на двух астатніх пачалі крымінальныя справы.
Праваабаронцы адзначаюць неправамернасць парушэння Паліенкі і пакарання.
Падтрымаць лістамі вязня можна па адрасе: 222160, Мінская вобласць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22а, СІЗА-8, Паліенку Дзмітрыю Аляксандравічу.