Украінскі футбаліст пераплыў памежную раку, каб трапіць у Беларусь — СМІ

Дзяніс Шэліхаў

Дзяніс Шэліхаў / фота з старонкі клуба ў "Вконтакте"

Украінскі брамнік Дзяніс Шэліхаў пераплыў памежную раку Цісу, каб трапіць у Беларусь і падпісаць кантракт з клубам "Славія-Мазыр". Пра гэта піша ўкраінскі "Спорт-Экспрэс" са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Пра падпісанне кантракту з 35-гадовым галкіперам мазырскі футбольны клуб паведаміў 9 верасня. У камандзе заявілі, што Шэліхаў прыбыў у Мазыр "у статусе вольнага агента" пасля сыходу з сумскага клуба "Вікторыя". Пра тое, як ён трапіў з Украіны ў Мазыр, не паведамлялася.

Украінскія ўлады пасля ўварвання Расіі ў лютым 2022 года забаранілі выезд за мяжу мужчынам ва ўзросце 18-60 гадоў. Пад выключэнне трапілі бацькі траіх і больш дзяцей, людзі з інваліднасцю, студэнты і г.д., але не спартоўцы.

"Спорт-Экспрэс" піша, што Шэліхаў пераплыў раку Цісу на мяжы з Румыніяй і Венгрыяй. Паведамляецца, быццам галкіпер старанна рыхтаваўся да ўцёкаў: два месяцы хадзіў на раку трэніравацца плаваць з ластамі. Як ён дабіраўся пасля гэтага да Беларусі, не ўдакладняецца.

Сам спартовец адмовіўся каментаваць і параіў журналісту выдання "спытаць у памежнай службы".

Дзяніс Шэліхаў нарадзіўся 23 чэрвеня 1989 года ў Херсоне, вучыўся ў спартовай школе ў Кіеве. У Беларусі ён гуляў у 2017-2018 гадах — спачатку ў мінскім "Промені", а потым у "Іслачы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі