Размеркаваная выпускніца: Спачатку я працавала, але праз паўгода перастала
Пасля адпрацоўкі інжынер сыходзіць на тэлебачанне, а настаўніца хоча ў Львоў. Ці застаюцца маладыя спецыялісты працаваць там, куды іх накіравалі?
Выпускніца Лінгвістычнага ўніверсітэта Сафія на адпрацоўцы засталася ў Мінску, сама сабе знайшла гімназію, але уцякла адразу пасля адпрацоўкі.
“Я два гады чакала, калі гэта скончыцца. Цяпер шукаю працу ці то перакладчыкам, ці то кантэнт-мэнаджарам. Калі не знайду, з’еду наогул. Хачу з’ехаць у Львоў, хутчэй за ўсё, буду там фрылансерам”, — дзеліцца планамі пасля двухгадовай адпрацоўкі настаўніцай Сафія.
(Фота з архіву суразмоўцы)
Найбольш на першым месцы працы яе засмучала “прымушалаўка” і прыборка горада, а не заробак у 3 мільёны.
“Нас маглі з урокаў зняць на прыборку нейкага аб’екта “Чыжоўка-арэны” ці тэніснага корта. Гэты дзень не аплачваўся, бо ты не выконваеш свае прафесійныя абавязкі. Кіраўніцтва магло сабе дазволіць не самыя мяккія выказванні ў твой адрас”, — узгадвае дзяўчына.
Яе калега Ганна, таксама выпускніца Лінгвістычнага ўніверсітэта, два гады выкладала ў школе англійскую мову. Цяпер збіраецца выкладаць англійскую дарослым за ўдвая большы заробак.
“Я ніколі не збіралася станавіцца настаўнікам, думала, адкашу, як і многія, хто навучаецца ў лінгвістычным. У мяне была даволі добрая гімназія, але я вырашыла сысці з сістэмы адукацыі, бо ў нас яна знаходзіцца ў агоніі. Бо ў адукацыі не варта адхіляцца, ёсць праграма, якую ты мусіш выконваць, а свае думкі лепш не выказваць”, — распавядае Ганна.
Пасля Гомельскага ўніверсітэта малады інжынер Наталля размяркоўваецца ў Мінск, у праектны інстытут. Але звальняецца праз 1,5 года.
“Я вучылася на інжынера-электрыка, і мяне адправілі ў Мінск, бо спецыяльнасць звязаная з чыгуначным транспартам, яна больш мужчынская. Заробак у мяне быў маленькі, 1,4 мільёны спачатку, напрыканцы крыху больш за 3 мільёны. Першы час я працавала, намагалася, але праз паўгода перастала працаваць. Проста прыходзіла на працу. Я прасіла, каб мяне пераразмеркавалі, але гэтага не захацелі рабіць. Праз 1,5 года я сама пераразмеркавалася”, — расказвае Наталля.
Цяпер яна працуе не па спецыяльнасці, на тэлебачанні. Але прыгадвае, што 90% размеркаваных у Гомелі аднакурснікаў засталіся на першых працоўных месцах.
Праграміст Яўген пасля факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі размеркаваўся туды, дзе працаваў падчас студэнцтва.
“Я сам абраў кампанію, у нас гэта не была праблема. Толькі незразумела, навошта было размеркаванне, бо большасць пайшла туды, дзе працавала раней”, — тлумачыць Яўген.
(Фота з архіву суразмоўцы)
Заробкам і ўмовамі ён задаволены і мяняць працу пакуль не збіраецца.
Фота 1: 21.by