На Брэстчыне пасля адпрацоўкі з'ехала больш за палову маладых спецыялістаў
"Дзе вашы маладыя спецыялісты?" (ілюстрацыйнае фота)
У Кобрыне прайшло сумеснае пашыранае пасяджэнна прэзідыума Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і абласнога Маладзёжнага савета галіновага прафсаюза. Як паведамляе абласное тэлебачанне, на ім агучылі "несуцяшальную" статыстыку пра "замацаванне маладых спецыялістаў на месцах у апошнія гады".
"У сельгасарганізацыі Брэсцкай вобласці ў 2021 годзе прыбыло 269 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 453 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, — гаворыцца ў сюжэце. — Праз два гады, пасля адпрацоўкі, на сваім першым працоўным месцы засталася толькі палова маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і менш за 40% з сярэдняй спецыяльнай... Кадравы дэфіцыт становіцца адной з праблем галіны".
А кіраўнік абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Саланевіч заявіў, што ў моладзі заробак не стаіць на першым месцы. Яе нібыта найперш цікавіць "нармаваны працоўны дзень і стабільныя выходныя", а таксама "перспектывы кар'ернага росту".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.