РБК прыбраў з інтэрв'ю Макея адказ пра сустрэчу Лукашэнкі і Трампа
Уладзімір Макей / Reuters
З інтэрв'ю міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, якое ён даў выданню РБК, на сайце расійскага інфармагенцтва знік абзац з адказу пра магчымую сустрэчу Дональда Трампа і Аляксандра Лукашэнкі. Дзякуючы стэнаграме, апублікаванай на сайце МЗС, мы можам прачытаць адказ на гэтае пытанне цалкам:
"РБК": І апошняе пытанне. Вельмі кароткае. Прабачце, што так пераскокваю, бо баяўся, што няма часу. Наконт магчымай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Дональда Трампа. Ці абмяркоўвалася яна падчас візіту Болтана? Гэта ж цікава расійскім чытачам заўсёды. І дзе б яна магла прайсці? У Вашынгтоне ці ў Мінску?
Уладзімір Макей: Адразу хачу сказаць, што падчас візіту былога памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы магчымая сустрэча нашага прэзідэнта з прэзідэнтам ЗША не абмяркоўвалася, ніякім чынам не закраналася. Візіт, як я разумею, насіў азнаямленчы характар: ён вельмі жыва цікавіўся сітуацыяй у краіне, ацэнкай кіраўніцтва Беларусі таго, што адбываецца ў рэгіёне, перспектывамі ўрэгулявання тых крызісаў, якія існуюць. Сапраўды, была вельмі шчырая і зацікаўленая размова.
Я выкажу асабісты пункт гледжання. Мне Джон Болтан — так, многія яго называюць ястрабам, яшчэ ўзнагароджваюць нейкімі эпітэтамі — але мне ён спадабаўся ў тым плане, што чалавек мае сваё ўласнае стратэгічнае бачанне, ён абараняе сваю пазіцыю і спрабуе зразумець пазіцыю суразмоўніка.
І ён, як нам здаецца, з'ехаў з дакладным разуменнем адносна неабходнасці працягу беларуска-амерыканскага дыялогу. Хоць, вядома ж, Беларусь не знаходзіцца ў спісе прыярытэтаў знешняй палітыкі Злучаных Штатаў Амерыкі.
*Выдалены абзац* Што датычыцца самой сустрэчы, тэарэтычна, магчымай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Дональдам Трампам у будучыні — вы ведаеце, у свеце ўсё магчыма. І я асабіста перакананы, што калі б была магчымасць правядзення сустрэчы лідараў абедзвюх дзяржаў, то гэта таксама шмат у чым дапамагло б высвятленню сітуацыі або ліквідацыі тых праблемных пытанняў у нашых адносінах з ЗША, якія яшчэ застаюцца, якія, на жаль, мы пакуль яшчэ не можам пераадолець.