Абітурыенты выбіраюць ВНУ пасля іспытаў, а спецназ правярае веданне мовы

120613 Martin Testy.mp3

“Летась я спрабаваў паступіць на архітэктурны, але гэта было жаданне бацькоў і я не паступіў. Хачу на тэсціраванні набраць балаў 50-60”, — расказвае Еўрарадыё Рыгор Швайба, яго я сустракаю ля ўваходу ў БДУ. Хлопец хоча паступіць на гістфак.


Набярэ свае 50 і яшчэ 203 разам з атэстатам — пройдзе на бюджэт, калі глядзець на леташні прахадны бал на гэтым факультэце.


За паўтары гадзіны да пачатку іспытаў ля галоўнага корпуса БДУ ўжо чакаюць каля 20 абітурыентаў.

Абітурыенты чакаюць іспыта ля галоўнага ўваходу ў БДУ


Ля БДПУ імя Максіма Танка яшчэ болей — каля сотні. Добра, што дажджу яшчэ не было.


Абітурыенты заходзяць на тэсціраванне ў корпус юрыдычнага факультэта БДУ


Слёзаў і істэрыкі пакуль няма, але хваляванні заўважныя.

“Учора рыхтавалася цэлы дзень. Хачу набраць балаў 70. Здаю беларускую, бо родная мова. Кожны беларус мусіць здаваць яе”, — упэўненая Марыя, яна збіраецца паступаць у Медыцынскі ўніверсітэт.

Запускаць на тэсціраванне пачынаюць за паўтары гадзіны да пачатку. Апошніх прапускаюць літаральна за некалькі хвілінаў. Двух хлапцоў, якіх заўважаю на ганку БДУ, не пускаюць. Спазніліся на 10 хвілінаў.


“Можа здамо ў рэзервовы дзень. Плануем паступіць у Машынабудаўнічы каледж”, — распавядае Васіль, адзін з тых, хто спазніўся.


...Першы абітурыент выходзіць толькі праз гадзіну пасля пачатку. Адстраляўся!


“Усё проста было. Штосьці давялося паставіць наўздагад. Болей думаў над часткай Б. У асноўным над коскамі думаў. Хачу ў БДУ пайсці, а на які факультэт, вырашу, як тэсты здам”, — расказвае Аляксей Чэрнак.


“Варыянт А паказаўся нескладаным. Былі заданні па косках, па дзеясловах. Хацеў проста праверыць свае веды, вышэйшая адукацыя ў мяне ўжо ёсць. Цяпер у войску. Можа і пайду куды-небудзь пасля на завочку”, — адказвае Саша, ён цяпер служыць у... спецназе.

Здае беларускую мову, каб праверыць веды! У хлопца вышэйшая адукацыя.


“Буду паступаць, куды Бог накіруе. Балаў 15 я набраў. Палову тэсту зрабіў наўздагад”, — кажа абітурыент Юрась.

Будзе забаўна, калі набярэ больш за 50 балаў.

“Складана было з коскамі, працяжнікамі. Каля 10% паставіла наўздагад. Як вынікі ЦТ будуць, вырашу, куды паступаць”, — расказвае Юля.


Агулам у галоўны корпус БДУ на тэсціраванне прыйшло больш за 200 чалавек. Нікога з абітурыентаў не выгналі, паведамілі ў камісіі. Цікава, што з 20 чалавек, з якімі Еўрарадыё паразмаўляла на ганку ўніверсітэта, па-беларуску адказваюць толькі... трое.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі