Праект Kazalpin прэзентаваў мінчукам сваю гісторыю

111201 Malina Kazalpin.mp3

У апошні восеньскі і сумны для беларусаў дзень у Мінску адбылася прэзентацыя альбома “East Side Story” беларуска-швейцарскага музычнага праекту Kazalpin. Магчыма, атмасфера гэтага дня прымусіла музыкаў з гучнай прэзентацыі зрабіць ціхі і душэўны канцэрт, у якім спляліся беларуская журба і швейцарскае спачуванне. Інтэрнацыянальны этна-джаз, што робіць наша вакальнае трыа “Акана” і швейцарскі Albin Brun Alpin Ensemble, тым не менш, не пакінуў абыякавымі ні віпаў, якія прыйшлі паслухаць добра распіяраны праект, ні сваякоў музыкаў, ні проста гледачоў.

“Я не магу сказаць, што гэта нешта новае, але тое, што адбываецца на сцэне – падабаецца, - дзеліцца ўражаннямі наведвальніца канцэрту. - Падабаюцца галасы, падабаецца музыка, атмасфера, падабаецца, як падаюць, каментуюць, распавядаюць на беларускай мове…”


Жанчына-суседка дадае: “Пра існаванне гэтага гурта дагэтуль я нават не падазравала. Сёння пачула ўпершыню. Галасы пакінулі незабыўныя ўражанні. Для мяне гэта адкрыццё”.

Не хавае захаплення пачутым сябра вакалісткі “Аканы”Русі – знакаміты блогер, прадпрымальнік і тусоўшчык Андрэй Кабанаў.

Андрэй Кабанаў: “Музыка не мае нацыянальнасцяў. Калектыў – дарослыя людзі, граюць, адчуваюць сябе на сцэне… Прыемна слухаць, прыемна быць побач. Ганаруся знаёмствам. Хаджу, сляджу, слухаю…У аўтамабілі слухаю. Шкада, што не чутна з радыё і з тэлевізара нашага. Я ў захапленні: прафесіяналы на сцэне, прафесіяналы ў жыцці”.

Музыкі і музычныя знаўцы, праўда, успрынялі Kazalpin не настолькі адназначна. Культуролаг і крытык Максім Жбанкоў бачыць у музыцы праекту зашмат кампрамісаў.

Максім Жбанкоў: “Я вельмі паважаю музыкаў, але, як для мяне, варыянт атрымаўся трохі кампрамісным. Таму што, з аднаго боку, няма джазавай свабоды – гэта ўсё-такі даволі пралічаны джаз, кампрамісны, ён як бы падпарадкоўваецца музычнай лініі вакальнай, ён у гэтым плане дысцыплінаваны. А дысцыплінаваны джаз – гэта не жывы джаз. З іншага боку, як мне падаецца, этнічны вакал таксама сябе адчувае неяк не зусім камфортна ў гэтым гукавым дызайне менавіта джазавым. Для мяне, як ні дзіўна, тут, напэўна, зашмат музыкі. Пры тым, што паасобку, і тое, і тое надзвычай цікавае. А варыянт атрымаўся кшталту ўзаемнага пагаднення. Ну, на чацвёрачку з пяці”.

Для музыкі Сяргея Пукста Kazalpin – гэта выключна этап развіцця “Аканы”.

Сяргей Пукст: “Я разглядаю праект ні з пункту гледжання развіцця ўсёй беларускай музыкі, а з пункту гледжання развіцця калектыву “Акана-NHS”. Так, стала цікава. Адзінае, магчыма, што ёсць невялікае адценне свабоды і магчыма, нейкай музычнай адвольнасці, якую хацелася б яшчэ як-небудзь удасканаліць”.

Лідар Drum Ecstasy Філіп Чмыр больш кардынальны ў сваім бачанні праекту.

Філіп Чмыр: “Шчыра кажучы, я ў вельмі вялікай нудзе, і канцэрт вельмі нудны. Калі не ўлічваць Акану – яна цікавая, але вось гэты джаз, які ўжо 150 разоў пераедзены – гэта нічога новага і гэта вельмі нудная музыка. То бок, Акана не выйграла ад гэтага саюзу, а, па-мойму, проста прайграла. Нават кавалкі з Аканай з такім акампанементам нудна было слухаць”.

Выкладчык Універсітэта культуры і мастацтваў, кіраўнік ансамбля “Грамніцы” Уладзімір Зяневіч бачыць у праекце зліццё блізкіх культур.

Уладзімір Зяневіч: “Спалучэнне стыляў – гэта тэндэнцыя, якая працягваецца не адно дзесяцігоддзе. У Беларусі – дык дзесяцігоддзі тры. Гэта новае ў тым сэнсе, што тут ідзе спалучэнне народнай песні і джазавай культуры – дзвюх традыцый, якія блізкія з аднаго боку, так? Таму што джаз мае імправізацыйны характар, і фальклор, вядома, таксама – гэта яго сама сутнасць”.

На жаль, будучыня праекту Kazalpin невядомая, аднак, безумоўна, што яго ўзнікненне ўзбагаціла не толькі беларускую і швейцарскую культуру, але і падарыла свету шэраг яскравых кампазіцый – сумных і радасных, на радасць людзям.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі