Андрэй Гайдукоў у лісце да маці: “Не чакай цудаў. І прабач мяне”
Наваполацкі “шпіён” ужо больш за два месяцы знаходзіцца за кратамі. Падрабязнасці яго справы дагэтуль невядомыя.
“Не чакай, мама, цудаў. І не турбуйся. Такія правілы я некалі прыняў завочна і быў гатовы, што мяне ў любы момант могуць за нешта арыштаваць. Прабач мяне за ўсе стрэсы, якія я прынёс”, — піша Андрэй Гайдукоў у апошнім лісце да сваёй маці Вольгі.
Заказны ліст прыйшоў 11 студзеня. Вольга Гайдукова паведаміла Еўрарадыё, што пасля Новага года сувязь з сынам нармальная. Ад яго спраўна прыходзяць лісты. Адзінае, што яе насцярожвае — сын просіць не пісаць шмат лістоў. Вольга Гайдукова лічыць, што яны ў “амерыканку” даходзяць не ўсе, магчыма, гэтым і выкліканая просьба Андрэя.
Нагадаем, Андрэй Гайдукоў, моладзевы апазіцыйны дзеяч з Наваполацку, быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Віцебску яшчэ 8 лістапада 2012 года. Яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць замежнай выведкі. Падрабязнасці справы дагэтуль невядомыя. Родныя і паплечнікі Гайдукова перакананыя, што яго затрыманне звязанае з апазіцыйнымі поглядамі юнака.
Фота — bymedia.net