Антон Астаповіч: лепш не чапаць, чым рэстаўраваць няграматна
Старшыня дабраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры лічыць, што рэалізацыя праграмы «Замкі Беларусі» ўздыме шмат пытанняў.
Беларускі ўрад прыняў праграму «Замкі Беларусі», якая працягнецца да 2018 года. Выдаткаваць на яе плануецца 15,5 мільёна долараў. Міністэрства культуры ўключыла ў праграму 38 аб’ектаў замест 16 запланаваных першапачаткова.
Антон Астаповіч: Фінансаванне - звыш 15 мільёнаў долараў, але калі ўважліва пачытаць праграму, то яна будзе скіраваная на мінскае замчышча, якое само па сабе спраектавана неадэкватна і таварыства аховы помнікаў вядзе актыўную работу, каб давесці, што праект, які быў узгоднены і прыняты, з’яўляецца, мякка кажучы, памылковым і фальсіфікуе гістарычны цэнтр Мінска. І калі да асноўнага аб’екта фінансаўкладанняў такія адносіны, то што можна гаварыць пра астатнія? Мы чакаем, што з’явіцца вельмі шмат фальсіфікацый, вельмі шмат неадэкватных работ.
Непрымальнымі лічыць Антон Астаповіч і тэрміны рэалізацыі праграмы. На яго думку рэстаўраваць сярэднявечны аб’ект за шэсць год немагчыма. Прынцыпы аднаўлення палацаў у Польшчы, напрыклад, дыскутаваліся некалькі дзясяткаў год, не пачынаючы яшчэ самаго аднаўлення. Спачатку павінна быць праведзенае комплекснае навуковае даследаванне, распрацаваная праектная дакументацыя па кансервацыі, далей – па рэстаўрацыі. Да таго ж у Беларусі вельмі мала спецыялістаў, якія маглі б правесці адпаведную працу. Не верыць Антон Астаповіч і ў тое, што грамадскасць можа паўплываць на рашэнні ўрада.
Антон Астаповіч: Гэты праект распрацоўваўся практычна без удзелу грамадскіх арганізацый. Міністэрства культуры зараз дэкляруе сувязі з грамадскімі аб’яднаннямі, але рэальна з грамадскасцю не працуе. Досвед Таварыства аховы помнікаў, якое ставіць прынцыповыя пытанні, паказвае, што міністэрства культуры з намі працаваць не хоча, мы для іх нязручныя.
Ні мясцовыя ўлады, ні міністэрствы не будуць працаваць ні з адной арганізацыяй, якая будзе ўздымаць прынцыповыя пытанні, лічыць гісторык. Няграматная рэстаўрацыя можа канчаткова знішчыць ахоўваемыя аб’екты разам з культурным пластом. Лепш у такім выпадку ўвогуле не чапаць іх, каб не знішчыць незваротна.
Антон Астаповіч: Калі аб’ект аднаўляецца неабгрунтавана, гэтым крэсляцца ўсе магчымасці далейшага аднаўлення і нармальнай эксплуатацыі аб’екта.