Барды Беларусі зладзяць фэст "Бард-рыбалка"

110805 Kuliagin_site.mp3

Еўрарадыё: Фэст "Бард-рыбалка" азначае, што ўдзел у ім бяруць толькі тыя барды, якія адначасова з’яўляюцца рыбакамі?

Старшыня аргкамітэта фэста Сяргей Кулягін: "Не толькі. Але шмат бардаў захапляюцца рыбнай лоўляй, паколькі шмат фестываляў праходзіць на свежым паветры ў прыгожых мясцінах каля вадаёмаў. Таму многія вольны час бавяць з вудай ці іншымі прыладамі ля вады. Мы вырашылі зрабіць такое свята, каб забіць адразу двух зайцоў: і зрабіць спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і паспяваць песні каля вогнішча і на канцэртнай сцэне. Тым больш што наш фестываль праходзіць у агравёсцы, у вельмі прыгожай мясціне, гэта Чыгірынскае вадасховішча ў Быхаўскім раёне. У нас сцэна на вадзе, у нас найпрыгажэйшыя краявіды. У гэтым годзе фестываль вельмі пашырае свой фармат, мы праводзім яшчэ некалькі цікавых праектаў. Гэта і школа здароўя, і чэмпіянат па гатаванні юшкі, які будзе праходзіць у форме кулінарнага шоў. У нашай праграме таксама шмат канцэртаў, і сольныя канцэрты і нават бард-марафон. Канцэртная пляцоўка пуставаць не будзе, мы ў гэтым годзе робім яшчэ адну пляцоўку, дзе будзе працаваць наш генеральны партнёр, адкрытае акцыянернае таварыства Магатэкс, яны прывязуць сваю праграму, цэлы аўтобус артыстаў, якія будуць ствараць добры настрой на кірмашы здароўя". 

Еўрарадыё: Фармат конкурсу бардаўскай песні зразумелы, а як будзе праходзіць конкурс рыбнай лоўлі і што атрымае пераможца? 

Кулягін: "У нас некалькі намінацый у гэтым годзе. Будуць спаборніцтвы сярод каманд і асабістыя спаборніцтвы, будзе конкурс на самы вялікі ўлоў і таксама дзесьці восем намінацый на самую вялікую рыбіну – ляшча, сама, плотку. І за гэта таксама будуць атрымліваць дыпломы і прызы. Дарэчы, галоўныя прызы для нашых удзельніка ў – гэта вельмі каштоўныя спінінгі. А наконт конкурсу аўтарскай песні – ён таксама не зусім звычайны. Ён праходзіць па прынцыпе гамбургскага ліку і самі ўдзельнікі будуць выбіраць пераможцаў. Гэта таксама ноў-хаў, якое не так часта выкарыстоўваецца".

Еўрарадыё: А што рабіць барду, які не любіць ці не ўмее лавіць рыбу?

Кулягін: "У нас вельмі шырокая праграма. У нас цудоўныя мясціны. У нас арганізаваны пракат лодак, пракат ровараў. Можна сплаваць на востраў кахання, ён ў некалькіх кіламетрах. У нас арганізуюцца вандроўкі на конях. Можна пазбіраць грыбы. Таму ў перспектыве можа з’явіцца і чэмпіянат па збіранню грыбоў, які праводзіцца ў Беларусі ўжо ў некаторых абласцях. І сама вёска развіваецца вельмі моцна, тут працуюць ужо чатыры аграсядзібы і будуюцца яшчэ. Таму перспектывы для развіцца фестывалю вельмі вялікія. Сёння асноўны дзень заезду, але ў нас заезд пачаўся яшчэ ў сераду. Людзі тэлефанавалі і займалі месцы. Бо баяліся, што не будзе месцаў на нашым свяце".

Еўрарадыё: Ці можна будзе злоўленую рыбу забраць з сабой ці абавязкова з’есці на месцы?

Кулягін: "Можна забраць з сабой, можна павяліць, можна з’есці на месцы. Дарэчы, ў нас у намётавых лагерах, дзе жывуць нашы ўдзельнікі, там ёсць вогнішчы, мангалы, мы забяспечваем дровамі, вадой, там стаяць прыбіральні. То бок там праблем няма. Тым больш, што ў нас будзе чэмпіянат па прыгатаванні юшкі, можна будзе і туды скарыстаць рыбу. Еўрарадыё: Хто будзе сярод гасцей вашага фестывалю?Кулягін: Ужо сядзіць з вудай на возеры Аляксандр Сафронаў, вядомы аўтар-выканаўца, Юлія Матвіенка з Масквы, Аляксандр Макаранка з Масквы, Сяргей Хаменка з Кіева, шмат іншых аўтараў. З Санкт-Пецярбурга прыехалі людзі, з Петразаводска. З беларускіх – аўтар-выканаўца і кампазітар Вячаслаў Клімовіч, Аляксей Нежавец з Мінска, я таксама аўтар-выканаўца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі