Беларусь і Латвія могуць ужо сёлета адмяніць візы для жыхароў памежжа
Тэкст пагаднення амаль гатовы. У Рызе толькі чакаюць адказу з Мінска.
Беларусь і Латвія могуць неўзабаве ўвесці бязвізавы рэжым для жыхароў прыгранічных тэрыторый. Аналагічнае пагадненне наша краіна падпісала з Польшчай 12 лютага.
Тэкст дамовы аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў беларускага і латвійскага памежжа амаль гатовы. Цяпер гаворка ідзе пра некаторыя праўкі, распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Рэтс Плэсумс. Па ягоных словах, латвійскі бок чакае адказу беларусаў.
Рэтс Плэсумс: "У снежні мінулага года латвійскі бок адправіў беларускаму ліст з рэдакцыйнай ацэнкай пагаднення. Пакуль адказу ад Беларусі мы не атрымалі. Таму цяпер чакаем адказу".
Беларусь не адказвае ўжо два месяцы, але ў Рызе кажуць, што тут няма нічога дзіўнага. Калі адказ прыйдзе, Латвія будзе гатовая да падпісання, адзначае Рэст Плэсумс.
Рэтс Плэсумс: "Нават калі гэта рэдакцыйныя прапановы, гэта займае пэўны час. Гэта ж не тое, што сёння даслаў прапановы, заўтра атрымаў адказ. Гэта звычайная практыка, звычайная дыпламатычная працэдура".
У кожным разе пагадненне сёлета мусіць быць падпісанае, мяркуе прадстаўнік МЗС Латвіі.
У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі пацвердзілі, што праект дамовы з Латвіяй ад дамоваў з Літвой і Польшчай не адрозніваецца: размова таксама вядзецца пра так званае правіла "30 з плюсам". Гэта значыць, што калі, напрыклад, мяжа раёна пачынаецца ў 30-кіламетровай лініі і завяршаецца менш чым у 50-кіламетровай адлегласці ад мяжы, то ўсе жыхары гэтай мясцовасці змогуць карыстацца выгодамі дамовы.
Літоўцы ж чакаюць рэакцыі Беларусі ўжо амаль паўгода. Пагадненне пра малы пагранічны рух з Літвой планавалі падпісаць яшчэ ў мінулым верасні, падчас візіту ў Вільню Аляксандра Лукашэнкі. Але неспадзявана ў самы апошні момант беларускі бок заявіў, што яму патрэбны час на вырашэнне нейкіх тэхнічных пытанняў. Дакладнай інфармацыі, калі Беларусь нарэшце будзе гатовая да падпісання, літоўцы дагэтуль не маюць.
Намеснік старшыні Дэпартамента ўсходняй суседскай палітыкі Марыюс Гудзінас: "Новай інфармацыі мы ад беларускага боку не атрымлівалі. Але некалькі дзён таму беларускі амбасадар паведаміў літоўскай прэсе, што Беларусь неўзабаве будзе гатовая падпісаць дамову. Але канкрэтнай даты мы не ведаем".
Фота: baltictimes.com
Глядзі таксама:
Ці ўвядуць бязвізавы рэжым пасля канфлікту вакол Саюза палякаў?
У Варшаве падпісалі беларуска-польскае пагадненне пра памежную зону (фота)
Беларусь і Польшча могуць у лютым падпісаць дамову аб бязвізавым рэжыме
Беларуска-літоўскі бязвізавы рэжым не ўвялі з-за Смаргоні і Алітуса
Пасажырскія цягнікі паміж Мінскам і Рыгай могуць пайсці ў 2011 годзе