Беларускі “Твітар” дарос да ўласнай прэміі (АЎДЫЁ)

111114 Sverdlov Twiter_0.mp3

26 лістапада ў сталічным WestWorldClub адбудзецца TwiPartyBy — вечарына для беларускіх карыстальнікаў “Твітара”.

“Збіраем менавіта беларускіх твітаранаў. Фармат мерапрыемства — гэта не грандыёзная прэмія, пафасная і сур’ёзная. Хутчэй хатнія вячоркі, толькі ў вялікім маштабе”, — распавядае Еўрарадыё арганізатарка TwiPartyBy Любоў Кавалёва.

Арганізатары абяцаюць, што звычайнага вечаровага кантынгента “шайбы” 26 лістапада ў клубе не будзе. Яшчэ адно адрозненне ад заўсёднай там дыскатэкі — “Прэмія twiby”.

“Будзем узнагароджваць цікавых, яркіх людзей з “Твіта ра” байнэта. То бок, не проста тусоўка, але прэмія. Будуць прызы, і прызы немаленькія. Натуральна, я не буду зараз раскрываць таямніцаў. Але будуць яны немаленькія і па габарытах, і па значнасці”, — працягвае Любоў Кавалёва.

Але традыцыйных намінацый на “Прэміі twiby” не будзе. “Вячоркі” Любоў Кавалёва арганізавала разам са сваімі сябрамі — таксама актыўнымі карыстальнікамі “Твітара”. Усе разам яны і вызначылі, хто атрымае падарункі.

“Пад канкрэтных людзей і рабілі намінацыі. То бок, гэта будуць намінацыі не за лепшае нешта, а намінацыі як шоў”, — тлумачыць Любоў Кавалёва.

Ніякая арганізацыя ці інтэрнэт-медыя за мерапрыемствам не стаіць. На думку медыяэксперта, кіраўніка праекта Gemius Belarus Міхаіла Дарашэвіча, так і мае быць:

Міхаіл Дарашэвіч: “Каб атрымалася добрая і важкая прэмія, яна мусіць быць незалежнай. Пры ўсёй павазе, напрыклад, да TUT.BY — калі ён праводзіць прэмію кантэнт-праектаў — ён, натуральна, параўноўвае гэтыя праекты з сабой. А тут трэба, каб група энтузіястаў арганізоўвала. Тыя, хто проста разбіраюцца ў тым ці іншым пытанні ці тэме, каб узялі ды прыдумалі. І, мне здаецца, чым менш фармальна і забюракратызавана задумана — тым больш цікавая і карысная прэмія”.

Эксперт лічыць, што беларускі “Твітар” для ўласнай прэміі ўжо саспеў, хаця піку сваёй папулярнасці яшчэ і далёка не дасягнуў.

“20 тысяч унікальных карыстальнікаў за дзень. Але, з іншага боку, беларускі “Твітар” — гэта такі вялікі калектыўны чацік, такая ў нас мясцовая спецыфіка. І некаторыя “піянеры” ужо нават ім перасталі карыстацца, і лічаць, што гэта нецікава. А я лічу, што залатыя часы “Твітара” яшчэ наперадзе”, — распавядаем Міхаіл Дарашэвіч.

Па яго словах, зараз “Твітар” у Беларусі толькі пачынае складаць канкурэнцыю іншым сацыяльным медыям — “вКонтакте” ды Facebook. Але ўжо можа пахваліцца пэўнымі вынікамі. Напрыклад, колькасць пераходаў на сайт Еўрарадыё з “Твітара” ужо набліжаецца да колькасці людзей, якія прыходзяць на euroradio.fm праз Facebook.

“Ці вось яшчэ прыклад “Нашай Нівы”: у іх колькасць пераходаў з Facebook прыкладна роўная колькасці пераходаў з “Твітара”, — заўважае эксперт.

Вядомыя беларускія карыстальнікі “Твітара” на навіну пра прэмію адрэагавалі па-рознаму. Адны збіраюцца пайсці на яе, іншыя думаюць, як бы ветліва адмовіцца.

Але з большага ўсе сыходзяцца на тым, што “Прэмія twiby” — гэта, хутчэй, не нагода для пажыццёвага гонару, а добры шанец “патусіць на клубаке”. І на тым, што да росквіта беларускаму “Твітару” яшчэ далёка.

Еўрарадыё апытала самых раскручаных беларускіх твітаранаў. Першым быў “Мядовы гамафобік” @mojo_fm, якога на дадзены момант зафаловіла амаль 2000 чалавек: Ён распавёў, што для таго, каб атрымаць прэмію, ужо прынес у ахвяру чорнага пеўня.

mojo for street.mp3

Пасля прыйшла чарга Дзяніса Блішча, якія акрамя папулярнага ўласнага “Твітара” вядзе ленту OnlinerBY амаль на 10 тысяч фаловераў.

bli for street.mp3

І, нарэшце, мы затэлефанавалі @bygirl, чый асабісты “Твітар” чытаюць больш за 4500 чалавек.

bygirl for street.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі