Беларускія табурэтачнікі вярнуліся ў Мінск (фота)
За год падарожжа яны вывучылі іспанскую, сталі хроснымі бацькамі індзейскаму хлопчыку, начавалі і ў шыкоўных кватэрах, і ў смярдзючых гаражах.
Беларусы, якія занеслі зэдлік на бераг Ціхага акіяна вярнуліся на Радзіму. У кіеўскім аэрапорце падарожнікаў сустракалі іх родныя. Жэня Манцэвіч і Верасень ужо ў Мінску. Яшчэ адзін чалавек з беларускай каманды – Кірыл Краўцоў – мусіць прыляцець неўзабаве.
Першае сваё інтэрв’ю пасля падарожжа Жэня і Верасень далі Еўрарадыё.
Еўрарадыё: Як вам Беларусь пасля такога доўгага падарожжа? Як людзі?
Верасень: “Тут вясна, а мы прыехалі з восені, пакуль вельмі нязвыкла, вельмі здзіўляюся зялёнай лістоце. Пакуль яшчэ ў галаве Буэнасайрэс”.
Жэня: “Зайшлі ў адну краму, трошку, канешне, сумнавата, людзі ў чэргах адзін на аднаго лаяцца, такія нейкія трошку забітыя… Але гэта было ў правінцыі, спадзяюся, што ў Мінску будзе павесялей, больш ярка. Мы яшчэ нідзе не хадзілі, так што ўсё яшчэ будзе наперадзе. Пакуль яшчэ не адчулі асабліва, што тут змянілася, што не… Бачылі толькі сваю сям’ю”.
Шмат хто з іншаземцаў думаў, што Беларусь – гэта недзе ў Афрыцы
Падчас падарожжа хлопцы і дзяўчаты спявалі беларускія народныя песні, распавядалі пра Беларусь, вучылі індзейцаў беларускай мове.
Жэня: “Паставіць табурэт на беразе акіяна – гэта больш відавочная мэта. Але галоўная мэта была абмяняцца культурамі. Мы пелі беларускія народныя песні ўсюды, дзе былі. І цяпер шмат хто там, у Амерыцы, ведае, што такое Беларусь, што такое беларускія песні, а мы таксама ведаем, што такое перуанскія нацыянальныя песні”.
Шмат каму даводзілася доўга тлумачыць, што такое Беларусь. Некаторыя думалі, што Беларусь знаходзіцца ў Афрыцы. Але балівійскія школьнікі нават сваю краіну на мапе свету часам не маглі паказаць, - кажа Жэня.
Жэня: “Амаль нідзе, асабліва ў цэнтральнай Амерыцы, дзе жывуць індзейцы, не ведаюць што такое Беларусь. І нават калі тлумачылі, то яны не ўяўлялі – дзе гэта Еўропа, дзе гэта паміж Польшчай і Расіяй… Беларусь для іх – гэта штосьці ўвогуле з іншай планеты. Але мы тлумачылі не толькі, дзе яна знаходзіцца, але і расказвалі пра нашу мову, пра палітычную сітуацыю, пра клімат ды іншае. Для іх гэта ўсё было вельмі цікава”.
Еўрарадыё: Якія самыя вялікія ўражанні засталіся ў
вас ад падарожжа? Што застанецца ў памяці на ўсё жыццё?
Верасень: “Ужо напрыканцы падарожжа можна было свабодна размаўляць па-іспанску. Гэта было вельмі проста, нават здзіўляўся, як раней я гэтага не разумеў. І па-партугальску таксама. Яшчэ за час падарожжа я вывучыў англійскую мову”.
Жэня: “Мы сталі хроснымі бацькамі аднаго хлопчыка-індзейца Хуана Карласа. Адсвяткавалі Раство разам з індзейцамі, пабывалі на традыцыйным індзейскім пахаванні, хавалі бабулю Дэльфіну, спявалі на ім песні. Мы бачылі вельмі шмат дзіўных жывёлаў, птушак, істотаў – браненосцаў, кракадзілаў, дэльфінаў, розных папугаяў, пінгвінаў, цюленяў. Бачылі матылькоў неверагоднай прыгажосці, павукоў і мурашоў неверагодных памераў. І ўсё гэта мы бачылі не ў заапарку, а ў дзікай прыродзе!”
“Мы начавалі і ў смярдзючых гаражах, і на беразе акіяна, калі ў 15 сантыметрах ад вуха плёскалася вада”
За год даводзілася начаваць абсалютна ў розных месцах! Галоўнае – гэта дах над галавою, бо трапічныя дажджы беларускі намёт не вытрымліваў…
Верасень: “Аднойчы мы начавалі на беразе акіяна. Гэта быў востраў Тапарыка ў Бразіліі. Там мы папрасіліся пераначаваць на ганку аднаго рэстарана… Акіян быў у метрах 100. Мы ляглі, ноччу прачынаемся – а каля галавы плёскаецца акіян. Аказваецца быў прыліў. Вельмі дзіўнае было адчуванне, калі ў 10-15 сантыметрах ад галавы плёскаецца вада”.
Жэня: “Мы начавалі ў цэрквах, на запраўках, у гаражах паміж матацыклаў, там дзе смярдзела бензінам, у рамонтных майстэрнях, у шыкоўных кватэрах з ложкамі і пакоямі для служанак, у гатэлях за бясплатна. Начавалі проста на вуліцы…”
Жэня і Верасень кажуць, што падчас падарожжа яшчэ раз упэўніліся, што ў свеце шмат добрых людзей і што ад дапамогі адмаўляцца не трэба.
Жэня: “Добрых людзей было больш чым дрэнных. Мы асабліва ніколі не хваляваліся, калі, напрыклад, стаялі на трасе і “стопілі”, то ведалі, што дзесьці павінен ехаць наш чалавек, які абавязкова спыніцца і дапаможа. Я ў гэтым падарожжы навучылася прымаць дапамогу. Калі раней магла адмовіцца ад печыва, напрыклад, нават калі хацела пагадзіцца… То цяпер, калі я хачу есці, і мне прапаноўваюць, я заўсёды кажу – так, хачу”.
Яшчэ адным вынікам падарожжа вакол свету стане відэа-фільм. Усе відэаматэрыялы ёсць, засталося іх толькі зрабіць, - кажуць “табурэтачнікі”.