Беларусы Еўропы дзякуюць Джуду Лоў, Кевіну Спэйсі і кангрэсмену Сміту

111216 Eurafokus.mp3

16 снежня шэраг беларускіх арганізацый з Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Францыі ды Вялікабрытаніі ўзнагародзілі тых, хто падтрымаў беларускую супольнасць у снежні летась.

Узнагароды з рук беларускіх дэмакратычных актывістаў атрымалі дзесяць палітыкаў і грамадскіх дзеячаў З Еўропы і ЗША. Сярод іх драматург Том Стопард, акторы Джуд Лоў і Кевін Спэйсі, дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі, дэпутат Германскага Бундэстага Марылуіза Бэк, галоўны рэдактар расійскай “Новай газеты” Дзмітрый Муратаў. Урачыстая імпрэза “На знак Салідарнасці” адбылася ў Варшаве.

 

З рук Наталлі Радзінай узнагароду атрымаў былы кіраўнік Офіса Цэнтральна-Усходняй Еўропы Нямецкага Фонда Маршала Павол Дэмэш. 19 снежня летась ён знаходзіўся ў Мінску і стаў сведкам акцый пратэсту і іх жорсткага падаўлення.

Дэмэш: “Тады мы на ўласныя вочы ўбачылі жорсткасць рэжыма Лукашэнкі. Аднак больш за ўсё ўражвае сіла, моц і адвага беларускага народа, які змагаецца дагэтуль. За апошнія 22 гады я не бачыў больш адважных людзей, чым беларускія палітвязні, а таксама іх родныя і блізкія, якія змагаюцца за іх вызваленне”.

Дачка палітзняволенага Змітра Бандарэнкі Юлія ўручыла ўзнагароду Марку Мігальскаму. Яна падзякавала еўрадэпутату за тое, што ён ўзяў пад апеку яе тату і прыклаў шмат намаганняў да таго, каб Змітру была зроблена неабходная аперацыя.

 

Мігальскі: “Я хачу падзякаваць вам, але баюся, што вы дапусцілі памылку. Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі – гэта мая праца, мой абавязак. Таму, лічу, што няма сэнсу ўзнагароджваць мяне. Хацеў бы падкрэсліць, што ў свабоднай Беларусі зацікаўлены не толькі я, але ўвесь польскі народ.”

На жаль, большасць лаўрэатаў па ўзнагароды не прыехалі. Так, за актора Кевіна Спэйсі, праваабаронцу Дэвіда Крэмэра і кангрэсмэна Крыстафера Сміта іх атрымаў культурны аташэ пасольства ЗША ў Польшчы Эндру Б. Пол.

Пол: “Я тут прадстаўляю не толькі пасольства Злучаных Штатаў, але ў пэўным сэнсе і амерыканскі народ, які падтрымлівае памкненні беларусаў да дэмакратыі. Мы павялічылі дапамогу незалежным дэмакратычным інстытутам у Мінску, і разам з тым працягваем аказваць ціск на беларускія ўлады праз эканамічныя і візавыя санкцыі.”

Узнагароду для Марылуізы Бэк атрымаў пасол Германіі ў Польшчы Рудыгер Фрайхэр фон Фрыч.

Фрыч:Гэта вялікі гонар для мяне атрымаць гэтую ўзнагароду, я заклапочаны парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Безумоўнымі прыярытэтамі Германіі застаецца неадкладнае вызваленне ўсіх палітвязняў. Мы падтрымліваем усіх, хто змагаецца за свабоду Беларусі.”

Палітыкі, грамадскія дзеячы, а таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій запэўнілі, што і надалей будуць прыкладаць усе намаганні, каб Беларусь стала вольнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі