Чаму ў журы Еўрабачання не было тых, хто летась паставіў Ланской нізкі бал?

Удзельнікаў журы “Еўрабачання”, якія ў мінулым годзе паставілі Алёне Ланской самы нізкі бал, сёлета абіраць прадстаўніка на конкурс не запрасілі.

17 чалавек увайшлі ў журы па адборы беларускага ўдзельніка Еўрабачання 2013. Але сярод іх чамусьці засталіся толькі тры прадстаўнікі камісіі мінулага года. Прычым, не абіралі прадстаўніка Беларусі нават сталыя сябры журы Іна Афанасьева ды Аляксей Хлястоў, якіх папросту не запрасілі.

“Напэўна, сёлета вырашылі ўзяць сяброў журы, якія больш згодлівыя, якія прымуць не навязанае меркаванне, але, скажам, тое меркаванне, якое мусіць быць, — усміхаецца Інна Афанасьева, якая абірала ўдзельнікаў “Еўрабачання” некалькі гадоў запар. — Хутчэй за ўсё, па гэтай прычыне вырашылі ўзяць удзельнікамі журы тых, хто не зусім звязаны з музыкай, вакалам і г.д.”.

Іна не пакрыўджаная на арганізатараў адбору, хутчэй, наадварот. Бо раней яна губляла на конкурс шмат свайго часу, а яе меркаванне нікому не было патрэбнае. Народная артыстка дадае, што ў сувязі з патрабаваннем да артыста самастойна знаходзіць сродкі на ўдзел у фэсце, усялякія адборы ды галасаванні ўвогуле становяцца немэтазгоднымі.

“Ёсць той ці іншы выканаўца, які знайшоў такое фінансаванне, дык, калі ласка, няхай едзе, — працягвае спявачка. — Але навошта ствараць нейкія штучныя конкурсы, народныя галасаванні, навошта гуляць у гэтыя гульні! Проста ўзялі ды прынялі рашэнне, што сёлета на “Еўрабачанне” паедзе такі і такі ўдзельнік. І адпаведна, мы ўсе не ўдзельнічаем у ніякіх ілжэ адборах”.

Дарэчы, і Афанасьева, і Хлястоў мінулым разам аддалі вышэйшы бал Litesound, а ніжэйшы Алёне Ланской. Сёлета сярод фаварытаў адбору ў Іны спявак Uzari, за яго ўнутраную шчырасць ды еўрапейскасць. Праўда, песня ў яго сёлета не самая ўдалая, адзначае артыстка. А вось гуртом Nuteki Афанасьева задаволеная, і ўжо даўно сочыць за іх рухамі ў шоўбізе. Хлястоў жа свае сёлетнія ўражанні каментаваць адмовіўся, як і прычыны няўдзелу ў журы.

Кампазітар Яўген Алейнік, які летась 12 балаў аддаў Вікторыі Алешка, а 6 — Ланской, сёлета адзначае, што не адправіў бы на конкурс ніводнага з фіналістаў. Праўда, сярод таго, што было прадстаўлена, на яго думку Алёна — лепшая. Што да складу журы ды глядацкага галасавання, то гэта справа Белдзяржтэлерадыёкампаніі, як арганізатара адбору, лічыць кампазітар. Бо ў палажэнні міжнароднага конкурсу “Еўрабачанне” няма правілаў па выбары прадстаўніка краіны.

“Журы, нацыянальны адбор, глядацкае галасаванне — забава, закліканая прыцягнуць увагу гледачоў да конкурсу, — кажа Яўген Алейнік, які рабіў гукавое афармленне адбору, але ў журы запрошаны не быў. — То бок у прынцыпе, гэта лагічна, цалкам змяняць каманду, калі ў мінулы раз адбылася няўдача — адно з апошніх месцаў. Хоць, калі б гэта рабілася пастаянна, то каманды змяняліся б ужо гадоў 5 запар”.

У склад журы не трапіў і народны артыст Мікалай Скорыкаў, які мінулым разам таксама паставіў Ланскую ў апошні радок.

“Я сам, калі быў маладым, праходзіў праз гэты горан і ведаю, што не заўсёды маладыя выканаўцы згодныя з журы, а ты, атрымліваецца, як Гасподзь Бог вырашаеш чужы лёс, — узгадвае спявак, які ў сёлетнім адборы застаўся незадаволены выніковым месцам Сацуры. — З гэтай пазіцыі, я стараюся пазбягаць удзелу ў журы. Так атрымалася, што мінулым разам я быў у складзе, і гэтага хопіць, калі б сёлета мне прапанавалі яшчэ раз, то я б усё адно адмовіўся”.

Праўда, журы змянілася не цалкам, у ім засталіся Марыяна Мальчык, Аляксандр Мяжэнны ды Аляксандр Ціхановіч. Апошні, дарэчы, усё ж не ўдзельнічаў, бо быў на гастролях. Не ўвайшлі ў склад камісіі Юры Вашчук ды Леанід Шырын, аўтары песні-пераможцы "Rhythm of love" ("Рытм кахання"), а таксама Зміцер Баранаў, які больш не займае пасаду выканаўчага прадзюсера тэлеканала “Беларусь 1” і з’яўляецца дырэктарам прадзюсерскага цэнтра “Спамаш” (прадзюсуе Ланскую).

Мае рацыю Іна Афанасьева, ці ўсё ж змены ў складзе журы — звычайнае супадзенне, засталося нявысветленым. Кіраўніца нацыянальнага адбору ад Белдзяржтэлерадыё Вольга Шлягер, якая займалася фармаваннем склада камісіі, знаходзіцца ў адпачынку (дарэчы, дзіўна, бо фінал прайшоў толькі 7 снежня). Ну, а ў прэс-цэнтры кампаніі патлумачыць гэтыя змены не здольныя, бо не займаліся гэтым пытаннем.

Баранаў: Ні я, ні Ланская не былі гатовыя да перамогі!

Як насамрэч галасавала журы адборачнага тура “Еўрабачанне-2013”?

Фота: БелТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі