Дэпутат Глаз: “Якая байкота, ад каго?!”

120626 Luka6uk Vybary.mp3

Апазіцыя будзе байкатаваць выбары, удзельнічаць у выбарчай кампаніі да канца і здымаць сваіх кандыдатаў. Які з варыянтаў найменш выгадны для ўлады, а які — для самой апазіцыі?


На думку намесніка старшыні камісіі па правах чалавека і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоля Глаза, ніякай пагрозы ўлада не бачыць ні ў адной з трох тактык. І ў першую чаргу — не баіцца байкоту.


Анатоль Глаз: “Якая байкота, ад каго?! Іх там, мякка кажучы, пяць соцень. Ну дык, байкота... А якая байкота? Калі на акругу будзе зарэгістравана чатыры чалавекі, ці тры, ці пяць — ну, і хай байкатуе адзін! І што з гэтага? Калі з чатырох адзін здымецца, што здарыцца? Нічога!”


Абыякавая ўладзе, упэўнены дэпутат, і тактыка ісці да канца, бо проста не прагаласуюць.


Анатоль Глаз: “Першае пытанне, якое задаюць людзі: “Дзе ты працуеш?” — “Нідзе”. — “За што ты жывеш?”. А, да прыкладу, гальштук на ім — на парадак па цане вышэй за мой! Калі мой — рубель, то ў яго — 10. І другое — у іх няма больш прывабнай праграмы, чым ёсць сёння ва ўлады!”


З дэпутатам не пагаджаецца Віктар Івашкевіч. Палітык упэўнены: менавіта байкоту асцерагаюцца ўлады. Маўляў, калі падлічыць галасы немагчыма, то прасачыць за яўкай выбаршчыкаў — рэальна.


Віктар Івашкевіч: “Калі мы абвяшчаем кампанію “Байкот”, улада пачынае супрацьдзейнічаць. І людзей, якія проста не хадзілі на выбары, пачнуць прымушаць — гэта канфлікт. Чым больш канфліктаў па лініі грамадзяне-ўлада — тым лепш! Сітуацыя байкоту стварае базу гэтага канфлікту”.


Байкот, сцвярджае палітык, выгадны і для станоўчага іміджа апазіцыі. Аргументы пра “данесці сваю пазіцыю”, “ідзем заклікаць не галасаваць” не спрацуюць.


Віктар Івашкевіч: “Узнікаюць падазрэнні, што насамрэч ідзе змаганне не за палітычную змену ўлады, а за нейкія прыватныя інтарэсы невялікіх груп людзей. Можа, таму што гранты даюць, можа — ён персанальна залежны ад рэжыму ці нейкія ў яго інтарэсы”.


Да байкоту заклікае апазіцыю і... сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік!


Мікалай Лазавік: “Самы добры сцэнар быў бы, калі б цалкам быў байкот — менш працы было б!” 


Чыноўніку ўвогуле не важна, як апазіцыя будзе дзейнічаць — міжнароднага прызнання выбары ўсё адно не атрымаюць.


Палітолаг Дзяніс Мельянцоў упэўнены, для ўлады можа быць небяспечны як байкот выбараў, так і ўдзел апазіцыі да апошняга. Галоўнае — адзіным фронтам.


Дзяніс Мельянцоў: “Не важна, якую яна стратэгію абярэ! Калі гэта байкот, то для ўлады нявыгадны будзе масіраваны, агульны, суцэльны байкот. Калі ўсе партыі і грамадскія арганізацыі будуць займацца агульным байкотам. Удзел у выбарах поўны без зняцця, да апошняга — гэты варыянт таксама можа быць кепскі для ўлады, калі ўся апазіцыя пойдзе з адной платформай, з двума-трыма, але адзінымі месаджамі”.


Палітолаг упэўнены, для апазіцыі найвыгаднейшым з’яўляецца варыянт удзелу кандыдатаў да апошняга. Каб не толькі выбарчую кампанію скарыстаць на сваю карысць, але і імёны сваіх актывістаў да людзей данесці, прапісаўшы ў бюлетэнях. Маўляў, так яны лепш запамінаюцца. Удзел са зняццем палітолаг не стаў увогуле абмяркоўваць як не варты ўвагі.

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі