Дэпутаты з большай ахвотай абмяркоўваюць правы жывёлаў, чым людзей
Закон аб праве чалавека на пратэст прыняты Палатай прадстаўнікоў адразу, правы жывёлаў выклікалі дыскусію і патрабуюць другога чытання.
Праект закона “Аб абыходжанні з жывёламі” дапрацоўваецца і будзе разглядацца ў другім чытанні. Аднак Еўрарадыё заўважыла, што папраўкі ў закон “Аб масавых мерапрыемствах" дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі адразу (!) ў двух чытаннях. Дэпутат Анатоль Глаз не хоча сёння ўзгадваць, як тое было.
Анатоль Глаз: "Як бы там ні было, у кожным разе закон прыняты і зацверджаны. Таму што там было-не было — гэта як успамінаць сваю маладосць...".
Паводле словаў дэпутата, той закон нічога не закранаў канцэптуальна. Спрэчак не выклікаў. Рознагалоссяў не было. Таму — так хутка.
Анатоль Глаз: "Не было амаль ніякіх дадатковых дапаўненняў і зменаў. Таму і прынята было ў двух чытаннях. А ўлічваючы "напружанку" з колькасцю законапраектаў на гэтую сесію, усё, што было можна прымаць у двух чытаннях, мы прымалі. Не было сэнсу адкладваць… Ён капцэптуальна нічога не закрануў, а канкрэтызаваў шэраг пазіцый — адлегласць, дый яшчэ інтэрнэт увёў…".
Нагадаем, што папраўкі, унесеныя ў закон, фактычна забараняюць любыя мерапрыемствы без папярэдняга ўзгаднення іх з уладамі. Да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства ніхто не мае права абвяшчаць, у тым ліку і ў інтэрнэце, пра дату, час і месца.
Праект Закона “Аб абыходжанні з жывёламі” прыняты ў першым чытанні. І адпраўлены на дапрацоўку! Там шмат неадназначных пытанняў, і шмат чаго назбіралася, кажа Анатоль Глаз.
"Гэтае пытанне падымаюць людзі неабыякавыя да жывёлаў, таму яны, канешне, будуць і прапановы даваць, і раіць і г.д. Тут абыякавы радавы чалавек не ўдзельнічае ў гэтым законе. Таму, натуральна, будзе шмат дыскусій. Там шмат неадназначных пытанняў".
Дэпутат Ларыса Вершаловіч, аўтар законапраекта “Аб абыходжанні з жывёламі”, называе самыя гарачыя спрэчкі: колькі хатніх улюбёнцаў можа жыць у кватэры, ды пра стэрылізацыю бяздомных жывёлаў.
Старшыня арганізацыі "Заасвет" Маргарыта Пушкевіч уваходзіць у працоўную групу і скардзіцца, што дэпутаты яе не чуюць.
Маргарыта Пушкевіч: “Яны адмаўляюцца прымаць нашыя прапановы. Мы прапаноўвалі ўвесці абавязковую стэрылізацыю на аўтастаянках, будпляцоўках і прадпрыемствах. Калі ў нас будзе 80% стэрылізаваных жывёлаў, то бяздомных жывёлаў амаль не застаецца. Але яны нават чуць не хочуць! Кажуць, што гэта жорстка — стэрылізаваць жывёлаў. А забіваць 80 тысяч не жорстка?!”
Маргарыта Пушкевіч збіраецца нават падаваць заяўку... на пікет. Але тут ей давядзецца сутыкнуцца з законам "Аб масавых мерапрыемствах".
Фота: photoclub.by