“Добра, калі зараз 10% “камуналкі” беларусы аплачваюць!”

Пастанова Саўміна № 662 прадугледжвае, што да канца 2011 года беларусы мусяць аплачваць (ці, як кажуць чыноўнікі, “вяртаць” дзяржаве) не менш за 30% ад кошту жыллёва-камунальных паслуг. Гэтая антыкрызісная мера гучыць даволі дзіўна: пра тое, што мы аплачваем “каля 30%” ад “камуналкі”, у міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі казалі яшчэ ў кастрычніку 2010 года!

У чым тут справа? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да супрацоўнікаў дзяржаўнага аб’яднання “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”.

“З улікам роста тарыфаў на газ і энерганосьбіты, з улікам рэзкага роста курса долара зараз тое, што насельніцтва плаціць за паслуге ЖКГ, не будзе адпавядаць лібчам, якія былі пры пачатку года. Толькі пад канец 2011-га гэтыя лічбы могуць скласці 30%. А зараз я нават не ведаю… Добра, калі 10% зараз вяртаюць”.

Менавіта ў жыллёвай гаспадарцы справы не такія ўжо і дрэнныя:

“Фактычны сабекошт абслугоўвання жыллёвага фонда – 990,6 рублёў [за месяц за 1 кв. метр агульнай плошчы жылога памяшкання. – Заўв. Еўрарадыё]”, - дадалі ў аб'яднанні.

Тарыф жа на паслугі па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў складае 309 рублёў. Нескладана падлічыць, што дагэтуль мы аплачвалі 31,19% выдаткаў на абслугоўванне жыллёвага фонда.

“Літаральна ўчора мы бралі інфармацыю. Калі браць тэхнічнае абслугоўванне цалкам і камунальныя паслугі – насельніцтва аплачвае прыкладна 35%. Але там ідзе розніца, калі браць асобныя віды паслуг. Напрыклад, за карыстанне ліфтам людзі аплачваюць толькі 9% ад поўнага тарыфу”, – паведамілі Еўрарадыё ў аддзеле па працы з насельніцтвам ДА “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”.

Гэта тлумачыцца структурай выдаткаў на аказанне паслуг ЖКГ. У жыллёвай гаспадарцы і ў іншых камунальнікаў яна істотна адрозніваецца.

“На нас рост коштаў на энерганосьбіты не так адбіваецца. Так, у нас выдаткі на транспарт, на бензін. У нас выдаткі на месцы агульнага карыстання, на асвятленне. Але для нас гэтыя складнікі не такія важкія. А, напрыклад, на водаканале выдаткі на энерганосьбіты складаюць каля 60%”, – распавяла Таццяна Ліфанава, начальнік планава-эканамічнага аддзела ДА “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”.

Аналагічная сітуацыя і ў цепласетках, і ў “Мінскэнерга”. Еўрарадыё атрымала шакуючыя звесткі: разлічаны дзяржавай сабекошт 1 гігакалорыі энергіі, якая ідзе на награванне вады для кватэраў беларусаў, сёння складае амаль 272 тысячы рублёў! З 4 лютага 2011 года, калі ў Беларусі апошні раз зацвярджаліся тарыфы на камунальныя паслугі, поўны кошт 1 гігакалорыі (108 тысяч 468,7 рублёў) ўзняўся амаль на 163 тысячы, ці ў 2,5 разы! Насельніцтва ж атрымлівае цяпло па тарыфе ў 43 тысячы 458,3 рубля за 1 Гкал, ці ў 6 разоў танней за кошт, які атрымліваецца ў чыноўнікаў!

Што праўда, ёсць нюанс. У 2 квартале 2011 года Беларусь атрымлівае газ з Расіі па кошце ў $244 за 1 тысячу кубаметраў. Пры разліках кошта цяпла для насельніцтва $244 ператвараюцца ў $275: блакітнае паліва даражэе на $30, пакуль ідзе па трубах да кватэраў! Такім чынам, каб пры канцы 2011 года беларусы наблізіліся да аплаты 30% “камуналкі”, можна не толькі ўздымаць тарыфы, але і скарачаць надбаўкі.

Будзем аптымістамі і ўявім, што кошт цеплавой энергіі ў 2011 годзе больш пералічваць не будуць. 30% ад 272 тысяч рублёў – гэта 81 тысяча 600 рублёў. Менавіта такі тарыф на цяпло мусіць будзе прапісаны ў “жыроўках” беларусаў пры канцы 2011 года, замест сённяшніх 43 тысяч 458,3.

Фота: Reuters.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі