Генеральны сакратар Савета Еўропы: Беларусь сярод нашых прыярытэтаў

Сустрэча адбылася 27 студзеня. У склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, старшыня Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч і дырэктар лабараторыі аксіяметрычных даследаванняў "НОВАК" Андрэй Вардамацкі.
Андрэй Вардамацкі: "Спадар Ягланд адзначыў, што Беларусь зараз займае даволі цэнтральнае месца ў спісе прыярытэтаў Савета Еўропы. Гэта ён казаў як і падчас асабістай сустрэчы, так і падчас паседжання Канферэнцыі міжнародных недзяржаўных арганізацый (МНДА)".
Менавіта на паседжанне Канферэнцыі МНДА былі запрошаныя прадстаўнікі з Беларусі.
Гэты орган Савета Еўропы прадстаўляе грамадзянскую супольнасць краінаў Савета Еўропы. Ён складаецца з міжнародных  няўрадавых арганізацый са статусам удзельнікаў. Зараз такіх арганізацый каля 400. І хаця Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, што не ўваходзіць у Савет Еўропы, звычайна прадстаўнікоў нашай краіны запрашаюць на паседжанні Канферэнцыі. Яны адбываюцца ў Страсбургу чатыры разы на год.
Андрэй Вардамацкі адзначыў, што папярэдні генсек Савета Еўропы, прадстаўнік Вялікабрытаніі Тэры Дэвіс, сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці не праводзіў.
Андрэй Вардамацкі: "Падобнага кшталту сустрэчы з Тэры Дэвісам, папярэднім сакратаром Савета Еўропы, не было. І гэта гаворыць аб некаторай змене прыярытэтаў і павышэнні інтарэса да Беларусі. І ў цэлым можна казаць пра сур’ёзнасць намераў Савета Еўропы адносна узаемадзеяння з Рэспублікай Беларусь".
Дарэчы, на гэтым тыдні, а менавіта 4-5 лютага, у Мінску запланаваны круглы стол па Савеце Еўропы і Беларусі, прысвечаны еўрапейскім каштоўнасцям. Ён пройдзе з удзелам прадстаўнікоў беларускай улады, недзяржаўных арганізацыі і высокіх чыноўнікаў Савета Еўропы.
Чакаюцца прэзідэнт Канферэнцыі МНДА Жан-Мары Хейдт, дырэктар інстытутаў дэмакратыі і дэмакратычных інстытутаў Чылдэрык Шаапвэлд, дакладчык па Беларусі Канферэнцыі МНДА Сірыл Рычы.
Андрэй Вардамацкі: "Трэба адзначыць, што гэта першае такое мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта пазітыўная рэч".
Нагадаем, што ў Савет Еўропы ўваходзяць усе еўрапейскія краіны за выключэннем Беларусі. У 1992 годзе нашая краіна атрымала статус Спецыяльнага Госця ў Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ). Але ў 1997 годзе Бюро ПАСЕ прыпыніла гэты статус, бо Беларусь не мела прагрэсу ў сферах дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права.
На пленарнай сесіі ПАСЕ ў чэрвені 2009 года было вырашана вярнуць Беларусі гасцявы статус, пры ўмове поўнага скасавання альбо абвяшчэння мараторыя на смяротнае пакаранне. Тым не менш, у 2009 годзе ў Беларусі былі вынесеныя два новых смяротных прысуды.
Яшчэ адно спрэчнае пытанне датычыцца дэлегацыі Беларусі ў Паламенцкай Асамблеі. Савет Еўропы лічыць беларускі парламент нелегітымным, а таму выступае за ўключэнне ў склад дэлегацыі ад Беларусі прадстаўнікоў апазіцыі альбо грамадзянскай супольнасці Беларусі.


Фота Торб'ёрна Ягланда: Scanpix

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі