Генсакратар Савета Еўропы: Пасярэдніцтва Украіны не дапамагае Беларусі
Савет Еўропы не зможа аднавіць з беларускай уладай стасункі, якія былі да 19 снежня 2010 года.
Пра гэта заявіў генеральны сакратар Савета Еўропы Торб'ерн Ягланд.
"Я не думаю, што нам варта шмат думаць аб мінулым. У кожным разе я не бачу магчымасцяў неадкладна вярнуцца да таго, што было — напрыклад, калі Беларусь мела статус госця ў Парламенцкай Асамблеі,— бо шмат што змянілася. І для вяртання да гэтай сітуацыі Беларусь як мінімум павінна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і не выконваць ужо вынесеныя прысуды. Магчыма, мы вывучым іншыя магчымасці, якім чынам наблізіць Беларусь у Савет Еўропы", — сказаў Торб'ерн Ягланд у інтэрв'ю ўкраінскаму інфармацыйнаму агенцтву УНІАН.
Ён таксама дадаў, што і пасярэдніцтва Украіны, якая зараз старшынюе ў Савеце Еўропы, пакуль безвыніковае у наладжванні кантактаў з Мінскам. Па яго словах, нават краіне-суседцы не так проста знайсці, што можна зрабіць у такой сітуацыі.
Адзначым, што генеральны сакратар Савета Еўропы плануе 16-17 верасня прыехаць з візітам ва Украіну.