Камп’ютарны стол за 700 тысяч рублёў, а для беларускамоўных… за 600
На мэблю са зніжкай у 10% ужо "клюнулі" 10 беларускамоўных. Еўрарадыё паразмаўляла з менеджарам кампаніі “Славія” Віктарам Савічам.
Еўрарадыё: Колькі людзей ужо "клюнулі" і звярнуліся ў кампанію па-беларуску, каб атрымаць зніжку?
Віктар Савіч: Рэкламная кампанія стартавала з аўторка, з учора. Ужо было каля дзясятку званкоў. Невядома яшчэ, ці будзе замова, ці не, бо гэта корпусная мэбля на замову. Дызайнер ужо выязджаў па праектах, але кліенты яшчэ не рашыліся. Сэнс кампаніі не толькі ў тым, каб кліент "клюнуў". Сэнс у тым, каб дзяржаўныя кампаніі “Ма-ма=мо-ва” і “Маё першае слова” падтрымаць таксама ў бізнесе.
Еўрарадыё: А адкуль наогул такая ідэя, можа хто падказаў?
Віктар Савіч: Мы з маім сябрам — Пятром Філонам, ён таксама бізнесовец, шмат размаўлялі пра станаўленне мовы. І аднойчы падчас размовы ён выказаў такую ідэю. Але ён — індывідуальным прадпрымальнік і не можа на сваіх рэсурсах дазволіць сабе білборд. А я працую ў буйной кампаніі. Тры месяцы пайшлі на распрацоўку праекта. Ну і вось з’явіўся першы білборд, ён замоўлены на тры месяцы. Калі добра пойдзе, будзем пашыраць гэта далей. Бо кампанія займаецца і будаўніцтвам, і ювелірнымі ўпрыгожаннямі.
Еўрарадыё: Пакуль толькі адзін білборд у Гомелі? Не малавата?
Віктар Савіч: Яшчэ замоўлена каля тысячы абвестак для налепак на прыпынках. Адразу варта сказаць, што ў гэтай акцыі няма ніякай палітыкі. Гэта выключна жаданне падтрымаць уладу ў беларускамоўнай рэкламе. Ідэю прынялі ў звычайнай працоўнай абстаноўцы, нічога звышнатуральнага.
Еўрарадыё: Калі мэблю са зніжкай у вас буду замаўляць, на колькі пацягне?
Віктар Савіч: Напрыклад, камп’ютарны стол у нас каштуе ў раёне 700 тысяч рублёў. Калі са зніжкай, амаль на 100 тысяч танней. Крыху больш за 600 тысяч рублёў.
Ініцыятар праекта “Ма-ма=мо-ва” і “Смак беларускай мовы”, кіраўнік Асацыяцыі Рэкламных Арганізацый Ігар Самкін — пра зніжку для беларускамоўных:
“Наш праект з білбордамі быў сацыяльна арыентаваны. Мы не ставілі сабе за мэту павялічыць нейкія продажы. У гэтым выпадку, пры ўсім тым пазітыўным, што прапагандуюць, зварот на мове — дадатковы бонус, асноўная мэта — гэта ўсё ж зарабіць грошы. Мэта — прадаць. Але, безумоўна, даючы дадатковую зніжку, яны маюць і страты. Таму нельга сказаць, што яны проста звяртаюць на сябе ўвагу. Таму гэта варта пэўнай увагі”.
Чаму ў Мінску знялі рэкламныя плакаты “ма-ма=мо-ва”?
Фота 1 - з сацсетак, 2 - svaboda.org