Kazalpin прэзентаваў у Брэсце альбом “East Side Story”
Вялікім сольным канцэртам у горадзе над Бугам беларуска-швейцарскі фольк-джаз-праект скончыў свой беларускі тур.
Kazalpin - гэта міжнародны праект, які складаецца з вакальнага трыо Akana і джаз-бэнда Albin Brun Alpin Ensemble са Швейцарыі. Нагадаем, што знаёмства беларускага слухача з сумеснай творчасцю мызыкаў распачалося 30 лістапада ў Мінску.
Брэсцкі канцэрт адбыўся ў зале Грамадска-культурнага цэнтру 7 снежня. Дапамаглі музыкам "разагрэць" мясцовую публіку вызваўся мясцовы джаз-бэнд "Музарт", жывыя выступы якіх прынеслі ім славу далёка за межамі роднай краіны.
Арганізатарам імпрэзы выступіла "Зала чакання", якая з'яўляецца асноўным "рухавіком" незалежнай беларускамоўнай музыкі на Брэстчыне. Дарэчы, мерапрыемства стала закрыццём канцэртнага сезону для прома-суполкі. Са словаў яе кіраўніка Змітра Назарава, напрыканцы 2011 года хацелася зрабіць асаблівы падарунак брэстаўчанам. "Акана" і Albin Brun Alpin Ensemble ужо выступалі ў Брэсце восенню мінулага года, яшчэ да выхаду сумеснага альбома. Гэты канцэрт стаў унікальнай культурнай падзеяй для гораду. Менавіта таму і было вырашана, адзначыць закрыццё канцэртнага сезону менавіта іх выступам.