Мастацкі музей вывесіць карціны на будынку Нацбанка (фота)

Нацыянальнаму мастацкаму музею цесна ў сваіх сценах. Яшчэ б — толькі некалькі адсоткаў ад усіх фондаў выстаўляюцца цяпер у ягоных залах. Дырэктар Уладзімір Пракапцоў марыць пра стварэнне цэлага Музейнага квартала ў межах вуліц Леніна—Кірава—Камсамольская—Маркса. А таксама, лічыць дырэктар, наведвальнік мусіць занурацца ў музейную прастору ўжо на падыходзе да музея. Найпапулярны шлях — праз пераход (мінчане завуць яго “трубой”) ад ГУМа да Нацбанка. Вось на фасадзе Нацбанка Мастацкі музей і вырашыў павесіць карціны. Уладзімір Пракапцоў паказвае камп’ютарны мантаж.

 

Уладзімір Пракапцоў: “Мы бачым будынак Нацыянальнага банка, яго фасад па вуліцы Леніна. Якраз пры падыходзе да Нацыянальнага музея хочацца стварыць музейную прастору. І тут якраз вельмі добра стасуецца, што паміж вокнамі Нацбанка ўжо ёсць ліхтары, якія будуць асвятляць карціны ўвечары”.

Для гэтых мэтаў адабраныя шэсць карцін мастакоў, якія жылі прыкладна ў адзін час.

Уладзімір Пракапцоў: “Гэта беларускія мастакі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Сусветна вядомыя мастакі: Фердынанд Рушчыц, Бялыніцкі-Біруля, Гараўскі, Хруцкі, Жукоўскі, Сільвановіч. Якраз гэта наш гонар, менавіта мастакі, якія ўпісалі сваё імя ў залаты фонд нашай краіны”.

Вітольд Бялыніцкі-Біруля “Зімовы сон”

 

Іван Хруцкі. “Партрэт Невядомай”

 

На будынку Нацбанка, натуральна, вывесяць не арыгіналы, а фотакопіі на пластыку. Каб абараніць палотны ад хуліганаў, іх пакрыюць антывандальнай плёнкай. Да таго ж на будынку ёсць відэакамеры.

Калі ідэя з карцінамі апраўдае сябе, у планах Уладзіміра Пракапцова —паставіць на падыходзе да музея, ля авіякас, скульптуры.

Уладзімір Пракапцоў: “Паміж туямі і ліхтарамі трэба ўсталяваць шэсць скульптур — дэкаратыўных, можа нават фармальных. У перспектыве мы з кіраўніцтвам горада, мабыць, зробім нават адмысловы пленэр, прывяжам яго да гэтага месца”.

У стварэнні Музейнага квартала Нацыянальны мастацкі святкуе чарговую перамогу — ім перадалі будынак па Карла Маркса, 24 — насупраць філфака БДУ. Гэта былы інтэрнат. Але за яго давялося паваяваць.

Уладзімір Пракапцоў: “Там напачатку была ўжо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя пад гатэль да 2014 года. Але дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы кіраўніцтву горада рэкамендавалі шукаць іншае месца для гатэля, а гэты чатырохпавярховы будынак перадаць Нацыянальнаму мастацкаму музею для Музейнага квартала”.

У будынку размесцяцца рэстаўрацыйныя майстэрні, выставачныя пляцоўкі, сховішча, салон па продажы карцін беларускіх мастакоў. А на першым паверсе — модная арт-кавярня.

Уладзімір Пракапцоў: “Разыначка яе будзе ў тым, што можна будзе не проста зайсці выпіць кубачак кавы. Будзеце сядзець — а вакол будуць рабіцца невялічкія выставы нашых маладых мастакоў. Больш за тое, там можна будзе набыць творы, якія спадабаюцца наведвальніку. Я планую, каб гэта была не проста кавярня — а каб там збіралася творчая моладзь, студэнты мастацкай вучэльні, мастакі. Каб мелі такое месца сустрэч”.

Уладзімір Пракапцоў

Дырэктар сцвярджае, што будзе максімальна дбаць пра “шляхетнасць” гэтага месца. У прыватнасці, разліўному піву будзе дадзены рашучы адпор.

Уладзімір Пракапцоў: “Не, піва там не будзе. Там будуць напоі добрага кшталту — кава, беларускі бальзам, квас. Шляхетныя, нацыянальныя — як крамбамбуля. І, натуральна, там будзе беларуская нацыянальная кухня: дранікі, іншае. Там не будзе “Макдональдса”, фастфуда і “Пепсі-колы”.

 

Так выглядае камп’ютарны макет з карцінамі на фасадзе Нацбанка

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі