МЗС Украіны чакае ад Беларусі ратыфікацыі дзяржаўнай мяжы
Украінскія дыпламаты разлічваюць абмяняцца з Беларуссю граматамі аб ратыфікацыі адпаведнага пагаднення ў 2012 годзе.
Хаця само Пагадненне аб дзяржаўнай мяжы было падпісана ў Кіеве яшчэ 12 траўня 1997 года.
"Мы разлічваем нарэшце атрымаць ратыфікацыйныя граматы пагаднення аб дзяржаўнай мяжы з Беларуссю", — заявіў 27 снежня дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын.
Ён падкрэсліў, што для Украіны ў кантэксце перамоваў з Еўрасаюзам пытанне дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы з'яўляецца вельмі важным. "Застаўся маленькі палітычны крок — мы спадзяемся, што ў наступным годзе гэта адбудзецца", — дадаў ён.
Кіраўнік Беларусі 17 траўня 2010 года падпісаў закон "Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай аб дзяржаўнай мяжы". Аднак абмен ратыфікацыйнымі граматамі да гэтага часу не адбыўся. Беларусь звязвае гэтую працэдуру з урэгуляваннем фінансавых абавязальніцтваў Кіева перад Мінскам, якія сфармаваліся пасля 1991 года ў выніку адмовы ва ўзаемных разліках ад савецкага рубля.