На банкноце ў 200 тысяч рублёў – Мастацкі музей у Магілёве (фота+відэа)

Купюра выкананая ў зялёна-шэрых колерах. Асноўныя колеры “твару” банкноты — зялёна-шэры і аранжавы, абаротнага боку — зялёна-шэры, карычневы і жоўты.

Памер новай банкноты — стандартны, 150 на 74 міліметра.

На асноўным баку змешчаная выява Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава.  Ён пабудаваны ў 1903-1914 гадах, і сапраўды з'яўляецца адным з самых прыгожых будынкаў Магілёва.

Канкурэнцыю музею складаў будынак абласнога драмтэатра з таго ж Магілёва. “Але па тэхнічных характарыстыках тэатр не ўпісваўся ў распрацоўку, таму было вырашана спыніцца на музеі”, — кажуць у Нацбанку.

На зваротным баку намаляваны дэкаратыўны калаж з архітэктурных элементаў музея. Вадзяны знак — фрагменты ляпніны і столі музея.

Новая купюра выпушчаная з подпісам цяперашняй старшыні праўлення Нацбанку Надзеі Ермаковай.

Дагэтуль самай буйной была банкнота ў 100 тысяч рублёў.

Дарэчы, мастацкі музей імя Паўла Масленікава вядомы тым, што раней тут размяшчаўся гістарычны музей, а потым абкам камуністычнай партыі. Адсюль знік славуты Крыж Еўфрасінні Полацкай, распавёў Еўрарадыё магілёўскі гісторык Ігар Пушкін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі