Пацярпелы ад тэракта: Два гады таму ў гэты дзень планаваў адкрыць веласезон

Яраслаў Пясецкі адзін з сотняў чалавек, пацярпелых ад тэракта ў мінскім метро. У момант выбуху ён сядзеў на той самай лаўцы, пад якой стаяла сумка з выбухоўкай. Яраслаў цудам выжыў, але страціў ногі.

Яго маці Наталля сустракае мяне на парозе і адразу гаворыць пра павярхоўнасць журналістаў. Расказвае, што адразу пасля тэракту ўсіх цікавіла палітыка, а не чалавечыя гісторыі. Цяпер наадварот. Але самі пацярпелыя ўжо ад увагі стаміліся. Ды і не так шмат яе стала: “У мяне лепшая сітуацыя, чым у маці Кавалёва Людмілы. У мяне ёсць вызначанасць, а яна па-ранейшаму жыве ў здагадках”. Расказаўшы пра нядаўні візіт французскага пасла, жанчына просіць флэшку каб перапісаць мне свае развагі пра прычыны і вынікі тэракта і кліча ў пакой сына. Размаўляем пра два красавіцкія дні — сённяшні і той, у які адбыўся тэракт.

Еўрарадыё: Яраслаў, сёння другая гадавіна тэракту. Чым займаешся з раніцы, як праходзіць дзень?

Яраслаў Пясецкі: Прачнуўся і пайшоў у паліклініку здаваць аналізы. Прыйшоў час мяняць пратэзы. Патрэбныя новыя ўжо. Паліклініка тут недалёка, метраў 500. Але каб да яе дайсці было столькі прыгодаў… Па снезе не паходзіш, па лёдзе таксама. Толькі па асфальце. А гэта значыць, у абход — туды, туды, туды (Яраслаў абводзіць рукой паўваколіцы). Разлічваў за паўгадзіны дабрацца, але ўпаў. Давялося адпачыць крыху.

Еўрарадыё: Што рабіў потым, дома?

Яраслаў: Калупаўся ў інтэрнэце. Пачытаў пра нейкага інваліда са службы 124, пачытаў каментарыі. Пра тэракт нічога не чытаў. Не хачу. Што мне гэта дасць? Сёння карма не тая, лепш сядзець дома і не высоўвацца… Лепкай яшчэ займаюся, з адмысловага пластыка, палімернай гліны, розныя фігуркі ляплю. Праца яшчэ ёсць. Дасылаюць праз інтэрнэт, раблю паціху. У той самай кампаніі працую, дзе і да тэракта — “Вішнев”. Кожны раз розная праца: то прапісаць некалькі артыкулаў у базу дадзеных, то яшчэ што паглядзець.

Еўрарадыё: А што ты рабіў у той дзень — 11 красавіка 2011 года. Якім ён быў?

Яраслаў: Звычайны быў дзень, як усе. На працы пераседзеў. З яе нікуды асабліва не сарвешся. Працаваў тады тамсама, дзе і цяпер, толькі што ездзіў у Шабаны. І тады раніцай паехаў таксама. На метро… Праца тады па-іншаму выглядала, вядома. Займаўся вытворчасцю ламінаваных матэрыялаў.

Еўрарадыё: Тады, у пачатку красавіка 2011 года, якія ты меў планы? Што хацеў зрабіць?

Яраслаў: Веласезон планаваў адкрыць! Паездзіць хацеў па Беларусі, сябе паказаць, людзей паглядзець… Без нейкага канкрэтнага маршрута. Проста адкрыць мапу і паехаць. Гэта адпачынак. А па жыцці… Па жыцці праца была, крэдыт. Дзяўчына. Усё. Часу асабліва не хапала ні на што. 8 гадзін працы, 8 гадзін на туды-сюды, 8 гадзін сну.

Еўрарадыё: Цяпер змянілася жыццё? Магчыма, з’явіліся больш далёкія планы, чым былі раней.

Яраслаў: Цяпер… Крэдыт плаціць па-ранейшаму трэба. Праца па-ранейшаму. Нічога асабліва не змянілася. Лепка, хіба што. Раней я ўмеў ляпіць, але не займаўся гэтым. А пасля час з’явіўся і пальцы трэба было размінаць.

Еўрарадыё: Адносіны з блізкімі змяніліся за гэтыя два гады?

Яраслаў: Не думаю. Тут нічога не памянялася. Ці змянілася іх стаўленне да мяне, трэба ў іх пытаць… Чужыя людзі па-іншаму крыху ставяцца, звяртаюць на мяне ўвагу часам. Дзеці асабліва. Але каб неяк вельмі заўважна, то не. Усе людзі некуды ідуць, некуды спяшаюцца. Не да мяне.

З сябрамі пачалі часцей бачыцца. Раней справы, справы. А цяпер запрашаю, прыходзяць. У настольныя гульні гуляем.

Еўрарадыё: На пачатку размовы ты заўважыў, што не чытаў сёння ў інтэрнэце паведамленняў пра гадавіну тэракта, пра сам тэракт. А за судовым працэсам сачыў?

Яраслаў: Не. Не хачу. Справа чорная. Хай разбіраюцца тыя, каму трэба… З іншымі пацярпелымі не кантактую. Магчыма, і цікава было б, але не хачу. Унутранае такое адчуванне…

Еўрарадыё: Некаторыя пацярпелыя праз два гады пасля тэракта перасталі камунікаваць з журналістамі, закрыліся. У цябе не з’яўлялася такога жадання? Магчыма, ёсць нейкая крыўда на журналістаў, на грамадства ў цэлым?

Яраслаў: Пачуццё недаверу з’явілася. Нібыта размаўляў з журналістамі, хацеў нешта сказаць людзям. А ў выніку выходзіла зусім не тое.

Еўрарадыё: Яраслаў, можаш зараз праз нас сказаць тое, што лічыш галоўным. Мы не будзем змяняць твае словы, пададзім дакладную расшыфроўку.

Яраслаў: Падзякаваць хацеў бы. Усім людзям, якія ўдзельнічалі ў выратаванні. Якія дапамагалі. Усяму народу, які быў нераўнадушны. Гэта, я лічу, галоўнае, пра што варта гаварыць.

Пасля выбуху Яраслаў працягвае сустракацца з дзяўчынай. Фота з сацыяльных сетак.

Сыходзячы з кватэры, звяртаю ўвагу на пад’ёмнік для інваліднага вазка, які на адным з заводаў замовіў сам Яраслаў (выдаткі аплаціў Мінгарвыканкам). 500 метраў да метро, на якія майму суразмоўцу сёння спатрэбілася больш за паўгадзіны, праходжу за пяць хвілін. У пераходзе паміж Купалаўскай і Кастрычніцкай з дынамікаў даносіцца: “Паважаныя пасажыры, паведамляйце супрацоўнікам станцыі пра бясхозныя сумкі і рэчы, будзьце пільнымі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі