Польская прэм'ера “Беларускай мары” адбылася пры аншлагу

Паказ адбыўся ў кінатэатры Муранув (Muranów) пры поўным аншлагу.

Глядачка: “Пра гэты фільм я нічога не ведаю, але чула, што беларусы ўвесь час змагаюцца з рэжымам. І мне б хацелася пачуць і ўбачыць, што самі жыхары Беларусі думаюць пра сітуацыю ў іх краіне”.

Студэнт: Шмат чакаю ад гэтага фільма”.

Хлопец:Я не займаюся правамі чалавека, але я тут, таму што цікаўлюся Беларуссю”.

Наведвальніца прэм'еры: “Летась я ўжо была на фестывалі кіно, прысвечанага правам чалавека, і мне вельмі спадабалася. Таму сёлета адстаяла дзве гадзіны ў чарзе па квіткі, каб зноў патрапіць сюды і паглядзець фільмы”.

Фільм тэлежурналісткі Кацярыны Кібальчыч з'явіўся, дзякуючы намаганням Інфармацыйнага Бюро Салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве ды польскага аддзялення нямецкага фонду Маршала. Пра тое, як узнікла ідэя фільма, прысутным распавяла дырэктарка згаданага Бюро Салідарнасці Юлія Слуцкая.

Слуцкая: “Таго, што мы на ўласныя вочы ўбачылі 19 снежня, не бачылі еўрапейцы. Таму мы вырашылі паказаць ім гэта. Мы звярнуліся да аператараў, рэжысёраў, якія ў тыя дні працавалі ў Мінску. Яны дапамаглі нам стварыць кароткі сяміхвілінны фільм, які стаў пачаткам “Беларускай мары”. У інтэрнэце гэты фільм назвалі адказам на “Жалезам па шкле”.

Сярод гледачоў былі і беларусы. Так, пінчанка Аліна выпадкова патрапіла на прэм’еру. Яна працуе ў дзяржаўных беларускіх СМІ, але калі ўбачыла “Беларускую мару”, не магла хаваць сваіх эмоцый.

Аліна: “Гэты фільм я не магла глядзець без слёз, ён мяне ўразіў. Ён дае вельмі шмат надзей на будучыню. Дарэчы, я была на тым канцэрце Віктара Цоя ў Мінску, кадры з якога паказвалі ў фільме. Перамены, як спяваў Цой, адбудуцца. Мы чакаем перамен!

Адразу пасля прэм’еры фільма ў залі кінатэатра адбылася дыскусія пад назвай “Беларусь: Што далей?”. Удзел у ёй узялі праваабаронцы Юлія Слуцкая, Данута Пшывара, Раман Кісляк, а таксама кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец. У межах дыскусіі Раман Кісляк адзначыў.

Кісляк: “Гэты фільм неабходна распаўсюджваць. Вачыма героя мы ўбачылі масу парушэнняў, якія хавае дзяржава. А мэта праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў – распаўсюджваць гэтую інфармацыю”.

Мяркуецца, што цягам снежня фільм “Беларуская мара” паглядзяць жыхары Вільні, Кіева, Кракава, Амстэрдама, Рыгі, Таліна, Любляны ды іншых гарадоў Еўропы.

Паглядзець поўную версію "Беларускай мары" можна, перайшоўшы па спасылцы http://www.youtube.com/watch?v=R2IjKa-Gi9A

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі