Port Mone і ДахаБраха запішуць сумесны альбом у польскай Лодзі
Дыск будзе складацца з 10 кампазіцый і асацыявацца з "цёплай кампаніяй".
Супольны праект беларусаў Port Mone і ўкраінцаў ДахаБраха пад назвай “Хмелева-projekt” сядае за працу над пласцінкай.
“Гэта ўвогуле такі міжсабойчык, тусоўка, проста цёплая і шчыльная кампанія, — характарызуе ўнутраны змест будучага альбома акардыяніст Port Mone Аляксей Варсоба. — Нельга сказаць што гэта эстэтыка ДахіБрахі, калі гучыць абстрактны акампанемент пад народную песню, ці што гэта Port Mone, калі сур’ёзна канцэнтруешся на музыцы, на гуку, развіцці і г.д. Гэта хутчэй менавіта прыемная кампанія”.
Запіс дыска адбудзецца ў польскай Лодзі, у студыі гуказапісу Toya Studios. Дапамагаюць музыкам у здзяйсненні задуманага ініцыятары праекту — агенцтва АртПоле і сябры — польскі гурт Karbido. Па словах Варсобы, у альбом увойдуць 10 кампазіцый, якія будуць гучаць згодна з памерам дыска — больш за 70 хвілін.
На днях беларускія музыкі выпраўляюцца на рэпетыцыі ў Кіеў, адтуль — на запіс у Лодзь. А ўжо ў лютым “Хмелева-projekt” праедзецца з канцэртамі ў падтрымку новага альбома па гарадах Украіны.
Графік туру:
Кіеў - 22 лютага, Будынак мастака
Адэса - 24 лютага, арт-м’юзік-клуб Respublika
Вініца - 25 лютага, мясцовы палац мастацтваў “Зоря”
Цернопаль - 28 лютага, украінскі дом “Перемога”
Львоў - 29 лютага, тэатр імя Занькавецкай
Фота: www.artmageddon.net