Беларускія дэмсілы і Еўрапарламент падпісалі Пагадненне пра супрацоўніцтва

Дакумент падпісалі спікерка Еўрапарламента Раберта Метсола і Святлана Ціханоўская

Дакумент падпісалі спікерка Еўрапарламента Раберта Метсола і Святлана Ціханоўская / @CabinetBelarus

Аб'яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада "павінныя разглядацца міжнароднай супольнасцю як прадстаўнікі народа Беларусі". Пра гэта гаворыцца ў Пагадненні пра супрацоўніцтва, якое 3 мая падпісалі Еўрапейскі парламент і беларускія дэмакратычныя сілы.

Цырымонія прайшла на Мальце ў межах візіту ў гэтую краіну лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай. Ад Еўрапарламента подпіс пад дакументам паставіла спікерка Еўрапарламента Раберта Метсола. Пра дэталі дакумента рэсурсу "Позірк" расказаў галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле яго, у пагадненні падкрэсліваецца, што бакі "поўныя рашучасці ўмацоўваць адносіны" і асуджаюць "беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, сістэмныя і масавыя парушэнні правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкі". Гэтыя рэпрэсіі, адзначаецца ў дакуменце, могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці. Выказваецца салідарнасць з народам і грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў іх барацьбе за свабодную, суверэнную і дэмакратычную краіну, "за ўсталяванне дэмакратыі, захаванне незалежнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці на фоне дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, які небяспечна падрывае суверэнітэт Беларусі, ператвараючы яе ў дзяржаву — сатэліт Расіі".

Бакі таксама дамовіліся весці рэгулярны дыялог, "скіраваны на развіццё ўмоў для ажыццяўлення дэмакратычнага транзіту ў Беларусі". Інстытуцыям і дзяржавам — сябрам ЕС будуць прапаноўвацца далейшыя крокі па ўзмацненні ціску на беларускі рэжым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі