Пракуратуру Парыжа просяць затрымаць міністра Куляшова
Міністра ўнутраных спраў Беларусі спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за злачынствы, якія падпадаюць пад універсальную юрысдыкцыю.
Нагадаем, што з 17 па 20 студзеня з афіцыйным візітам у Генеральным сакратарыяце Інтэрполу ў французскім горадзе Ліён знаходзіцца дэлегацыя МУС Беларусі. Яе ўзначальвае міністр Анатоль Куляшоў. Хоць ён знаходзіцца ў спісе асоб, якім забаронены ўезд у Еўрасаюз, на просьбу Інтэрпола французская амбасада выдала візу чыноўніку.
18 студзеня юрысты Free Belarus Now паведамілі міністру юстыцыі Францыі, што прыезд Куляшова парушае забарону на ўезд ЕС. Яны заклікалі арыштаваць міністра за парушэнне палажэнняў Канвенцыі ААН супраць катаванняў.
Нагадаем, у мінулым верасні брытанская фірма McCue & Partners LLP абвесціла, што падрыхтаваны спецыяльны дакумент. У ім ёсць падмацаваныя фактамі абвіначаванні супраць Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніка МУС Анатоля Куляшова і старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. Чыноўнікаў, сярод іншага, вінавацяць у катаваннях экс-кандыдатаў у прэзідэнты Саннікава, Някляева і Міхалевіча.
Як гаворыцца ў падрыхтаваным McCue & Partners LLP 70-старонкавым дакуменце (без шматлікіх дадаткаў), ён дае "доказы злачынстваў, што падпадаюць пад універсальную юрысдыкцыю, каб на іх падставе судова пераследаваць Лукашэнку і яго суўдзельнікаў, у асаблівасці за катаванні і ўзяццё закладнікаў".
Катаванні, разам з генацыдам, злачынствамі супраць чалавечнасці ды некаторымі іншымі злачынствамі, у міжнародным праве лічацца асабліва сур'ёзнымі. Незалежна ад месца іх здзяйснення і грамадзянства асобаў універсальная юрысдыкцыя значыць кампетэнцыю любой дзяржавы прыцягнуць віноўцаў да адказнасці.
Раніцай 19 студзеня юрысты звярнуліся да Інтэрпола з запытам, ці Куляшоў усё яшчэ знаходзіцца ў Ліёне, але адказу не атрымалі, паведаміла Еўрарадыё мэнэджар Free Belarus Now Зара Кумбс. Тым часам, паводле афіцыйнай праграмы, на гэты дзень для беларускай дэлегацыі запланаваны візіт у мясцовы цэнтр Інтэрполу. Юрысты падалі скаргу і ў Пракуратуру Парыжа з просьбай адкрыць адпаведнае расследаванне і затрымаць Куляшова, калі той яшчэ знаходзіцца ў Францыі. Ці выдадзены ордэр на арышт Куляшова французскімі органамі, пакуль невядома.
Фота: ByMedia