"Серебряная свадьба" дазволіла бацькам пабыць дзецьмі
Гэта можна будзе паўтарыць яшчэ не раз, абяцаюць музыкі.
“Не сакрэт, што ў свеце гучыць абсалютна ўсё, і гукі можна злавіць паўсюль. І вось зараз мы будзем іх лавіць, вышукваць, вывучаць, разглядаць. А таксама хлопаць, путаць, падпяваць, адным словам — гучаць”, — пачынае свой выступ Бенька і “Серебряная свадьба”. Гледачы — дзеткі і іх бацькі, трапляюць у свет музыкі, песень і музычных інструментаў. Прычым, інструментамі ў руках гурта становіцца ўсё — швабра, кола ровара, дзіцячы ваўчок, уласныя ногі, жывот і галава.
Даша: Мне спадабалася скрыпка.
Мама Вольга: А яшчэ што?
Даша: І гітара вялікая.
Мама Вольга: Кантрабас. А як цёця спявала?
Даша: Добра.
Мама Вольга: А песня якая спадабалася?
Даша: Пра рыбак.
Вольга: Усё было нечакана: весела, самабытна, але хацелася б лепшых умоваў па размяшчэнні, таму што нязручна глядзець. А так, сапраўды, гэта нешта незвычайнае, якое мае права быць.
Квіткі на “дзіцячы” канцэрт “Серебряной свадьбы” скончыліся за тыдзень да імпрэзы. Арганізатары адмыслова прыпынілі іх продаж, каб дзеці адчувалі сябе больш-менш камфортна на незвычайным свяце ў не надта прыдатным для падобных імпрэз клубе. Падавалася б, тут мусіў з’явіцца зімовы навагодні персанаж, і свята стаць альтэрнатывай дзіцячым ранішнікам, аднак музыкі не сталі прывязваць канцэрт да пэўнага перыяду.
“Тут няма ніякай містэрыі, - кажа музыка і дызайнер Дзіма Ску, які прыехаў на свята са сваёй дачушкай Мартай цягніком з Баранавіч. — Проста яны ўзялі частку сваіх песень, напісалі яшчэ і зрабілі дзіцячы канцэрт, дзе няма мяжы паміж музыкамі і слухачамі-дзецьмі. І ёсць шанец у дарослых таксама адчуць сябе дзецьмі. Я некалькі разоў нават пускаў слязу. Таму што яны кранальна вельмі ўсё гэта рабілі. І тут не мае значэння, якое свята — проста добры канцэрт”.
З кожнай песняй стасункі дзяцей і дарослых з гуртом рабіліся больш цеснымі. Дзеці арганізавана і з радасцю імітавалі коцікаў, конікаў, мыльныя бурбалкі. Нарэшце культуралагічная справядлівасць, як адна з мэтаў падзеі, перамагла!
“Мы самі ўпэўніліся ў тым, што ні на ўсе нашы канцэрты бацькі могуць прыйсці з дзецьмі, — кажа Бенька пасля канцэрту. — Гэта позні час, накураная зала ці выпіўшая публіка, ці нецэнзурная лексіка са сцэны. Вельмі шмат людзей, якія нас слухаюць, маюць дзяцей. І гэтыя дзеткі, атрымліваецца, адчуваюць такую вялікую сацыяльную і культуралагічную несправядлівасць. І мы вырашылі гэта змяніць, і зрабілі такі пробны канцэрт, і апынулася, што ёсць вялікі попыт на яго”.
Цяпер канцэрты “Серебряной свадьбы” для дзетак і бацькоў пад назвай "Музыка - всё!" будуць праходзіць у Мінску штомесяц. Снежаньскі ж, упэўненая Анжэла, усё адно распачаў вясёлыя святы.
Анжэла: “Мне падаецца, гэта цудоўная ідэя. Мне ў прынцыпе падабаецца “Серебряная свадьба”. Усё, што яны робяць — гэта заўсёды вельмі арыгінальна, незвычайна і непаўторна. А праект, які яны прыдумалі для дзяцей, гэта вельмі здорава. Я думаю, гэта адзін з нетрадыцыйных падыходаў, які дазволіў ужо цяпер пачынаць святкаваць навагоднія святы”.
Бенька не выключае запісу новай праграмы. Будзем чакаць!
Больш фота глядзіце тут: http://www.facebook.com/media/set/?set=a.569054436442689.144880.147859111895559