"Шпіёна" Гайдукова арыштавалі за газету "Хартыя'97"?
Такія звесткі падае грамадзянская кампанія "Еўрапейская Беларусь".
Нагадаем, што наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова арыштавалі 8 лістапада. Ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. 22-гадовага слесара вінавацяць у "здрадзе дзяржавы". КДБ заявіў, што хлопец закладаў у тайнік звесткі палітычнага і эканамічнага характару, якія цікавяць замежныя спецслужбы.
Як інфармуе "Хартыя'97", хлопца затрымалі, калі ён перавозіў частку накладу бюлетэня "Хартыя'97" для распаўсюду ў Віцебскай вобласці. Нібыта, менавіта гэтае выданне і стала "звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы", бо затрыманне адбылося ў момант, калі Гайдукоў складаваў яе.
Грамадзянская кампанія "Еўрапейская Беларусь" заяўляе, што Гайдукоў карыстаўся правам на распаўсюд інфармацыі, і патрабуе яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.