Справа “шпіёна” Гайдукова: пяць месяцаў у "амерыканцы"

“Наваполацкі шпіён” і адначасова апазіцыянер Андрэй Гайдукоў ужо пяць месяцаў у “амерыканцы”. Інфармацыі аб яго справе мала – але Гайдукова па-ранейшаму абвінавачваюць у “здрадзе дзяржаве”. А вось яшчэ адзін фігурант Ілля Багданаў расказвае Еўрарадыё, што з падазраванага ператварыўся ў сведку.

“Тыдні два таму мяне выклікалі ў Віцебск. Мой адвакат напісаў хадайніцтва і мяне перавялі ў статус сведкі”.

Гайдукову пашанцавала менш. Пакуль нават следчыя КДБ, якія вядуць справу, не могуць назваць прыкладную дату завяршэння следства. Юрыст праваабаронцага цэнтра “Вясна” Наста Лойка гаворыць, што паўгода следства для справы аб шпіянажы з’ява нармальная.

“Абвінавачанні дастаткова сур’ёзныя. Сур’ёзныя санкцыі. І калі паглядзець, то расследаванне ўсяго гэтага можа заняць шмат часу”.

Іншае пытанне ці не паўплывала на цікаўнасць спецслужб да асобы Андрэя Гайдукова яго ангажаванасць у апазіцыйную дзейнасць. Яго родныя і паплечнікі адзінагалосна называюць справу сфабрыкаванай і палітычна матываванай. Схіляюцца да гэтай версіі і праваабаронцы. Маўляў, следства таму і зацягнулася, што трэба час для збору неабходнай абвінаваўцам “доказнай базы”. На думку юрысткі “Вясны”, аднак, суд усё ж не за гарамі.

“Спадзяемся, што справа нарэшце прыйдзе да свайго лагічнага завяршэння. На гэта ўказвае і тое, што аднаго з абвінавачаных перавялі ў стан сведкі. Бліжэйшым часам фігуранты справы могуць пачаць знаёміцца з матэрыяламі справы”.

Ці апраўдаюцца надзеі на хуткі працэс даведаемся ўжо 8 красавіка. У гэты дзень споўніцца роўна пяць месяцаў з дня затрымання Андрэя Гайдукова, а следчыя павінны прыняць рашэнне аб перадачы матэрыялаў у суд. Альбо не прыняць, адно з двух.

Чытайце таксама: Справа Гайдукова: шпіён альбо палітвязень? і яшчэ іншыя матэрыялы Еўрарадыё з інфармацыяй аб "здрадзе дзяржаве".


Чытаць далей:http://euroradio.fm/report/sprava-gaydukova-shpiyon-albo-palitvyazen-123787

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі