Справу брэсцкага апазіцыянера трэці раз пакінулі без разгляду
Трэцяга студзеня на паседжанне не прыйшоў пракурор. Яго пакараюць “за няяўку без паважнай прычыны”.
Гэта прылюдна паабяцаў суддзя Брэсцкага раённага суда Мікалай Сенька, які разглядае справу Віталя Каўша. Наступнае паседжанне прызначанае на 11 гадзін 15 студзеня.
Нагадаем, перад Новым годам Віталь Коўш падаў хадайніцтва аб змене меры стрымання і вызваленні з-пад варты. Ён спасылаўся на тое, што мае ўтрыманні дваіх малых дзяцей і справа цалкам даследаваная, а следства скончанае. Менавіта праз нязгоду пракурора суддзя перад Новым годам браў час на роздум. Сёння хадайніцтва было адхіленае.
Адвакат брэсцкага апазіцыянера Павел Алесік кажа, што “з пункту гледжання права ў суддзі не было іншага выйсця, як адкласці разгляд справы па сутнасці”.
Нагадаем, 28-гадовага Віталя Каўша вінавацяць у тым, што нібыта ён у траўні дапамог васьмярым індусам у іх спробе прайсці над беларуска-польскай мяжой па канаце. Апазіцыянера затрымалі 1 верасня. Два затрыманыя індусы пасля дэпартацыі далі на камеру паказанні, што іх “змусілі агаварыць невядомых людзей”. Ролік быў размешчаны ў сеціве.
На фота: Віталь Коўш гутарыць з адвакатам