Сярод гасцей беларускіх санаторыяў – амаль палова замежнікаў
Намеснік дырэктара санаторыя “Сасновы Бор” Генадзь Пустаход расказаў, з якіх краінаў да іх прыязджаюць адпачываць ды што найбольш уражвае замежнікаў.
Еўрарадыё: Засталося 50 дзён да Новага года. Кажуць, што ўсе пуцёўкі на гэты час ужо раскупленыя?
Генадзь Пустаход: Мы якраз рыхтуемся да гэтага свята, зараз у нас замоўленыя амаль усе месцы навагодняга тура ад 28 снежня да 10-14 студзеня. Сярод нашых гасцей будуць прадстаўнікі Беларусі, будуць госці з Расіі, з Германіі і ўсе тыя, хто пра гэта падумаў яшчэ ў верасні. Гэта самы лепшы тэрмін каб зарэгістравацца да нас на навагоднія святы. У нас ужо усё адкалькулявана, складзенае меню. Пуцёўка на навагодні перыяд каштуе 180-200 тысяч беларускіх рублёў у залежнасці ад камфартабельнасці нумара. А сама сустрэча новага года каштуе 50-55 долараў.
Еўрарадыё: Якую праграму на Новы год прапануе ваш санаторый?
Генадзь Пустаход: Традыцыйна – вядучыя, дзед Мароз, Снягурка, цыгане. Мы хацелі запрасіць эстрадных зорак, але яны зашмат грошай просяць за 5-6 песень. 1 студзеня на танцавальнай пляцоўцы таксама будзе свята, народны калектыў будзе прымаць удзел. А потым ёсць асобна падрыхтаваная праграма ажно да 14 студзеня, гэта і спартыўная праграма, і танцы, і экскурсіі, і катанне на конях. Мы хочам, каб гэты год быў яшчэ цікавейшы чым мінулы.
Еўрарадыё: А чаму беларускія санаторыі карыстаюцца такой папулярнасцю ў замежнікаў?
Генадзь Пустаход: Беларускія людзі перад любым госцем гатовыя зрабіць усё, каб яму спадабалася. Калі ў нас будуць кліенты, мы заробім грошы і будзе, на што ўтрымліваць сям’ю. Таму мы з кожным кліентам паводзімся так, каб яны прыязджалі яшчэ і прывозілі сяброў. Дарэчы, некаторыя прыязджаюць да нас па 2-3 разы на год. На мінулы Новы год прыязджаў госць з Саратава, праз тры месяцы прывёз с сабой кампанію 11 чалавек. Гэта ж паказчык таго, што ў нас ім падабаецца. Санаторый у нас загружаны цалкам, 280 чалавек. Да нас прыязджаюць з Эстоніі, Латвіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі.
Еўрарадыё: Дык беларусы не могуць набыць пуцёўку, бо ўсё раскупаюць замежныя госці?
Генадзь Пустаход: Ні ў якім разе. У нас усяго 43-45% – замежнікі, а астатнія беларусы.
Еўрарадыё: А якія самыя экзатычныя госці ў вас былі?
Генадзь Пустаход: Мы сем гадоў працуем з Ізраілем, былыя жыхары Беларусі, што паехалі туды. Калі яны прыязджаюць, адпачываюць па 30-40 дзён, сёлета дзве сям’і адпачывалі ажно 58 дзён. Калі яны прыязджаюць – плачуць каля бяроз, сумуюць.