The Toobes прэзентавалі "My Generation" у сваім любімым горадзе(фота)

111128 Sviardlou TOOBS.mp3

Канцэрт-прэзентацыю новага альбома “My Generation” мінскага трыа The Toobes можна смела заносіць у спіс найбольш цікавых і грандыёзных музычных падзей сыходзячага 2011 года. “Тубсы” спраўдзілі свае абяцанні – святло і гук радавалі, разняволенасць, драйв і магутная энергетыка залы і музыкі зліваліся ў адзінае цэлае і выкідвалі ў прастору сумесь неверагоднай свабоды і пазітыву.

Пакаленне “Тубс” спраўляла сваё свята – іх правадыры нарэшце гралі канцэрт у сваім любімым горадзе. Слэму не было канца!

“На сцэне было свабодна, - дзеліцца ўражаннямі Насця, якая здзейсніла першы ў сваім жыцці скачок у залу. – Свабодна, добра і нязмушана. Не было адчування скаванай прасторы – гэта самае галоўнае, мяркую, у наш час”.

Мокрыя і задаволеныя слэмам хлопцы рэкамендавалі The Toobes наступным чынам:

–  Самы лепшы рок-н-рол-гурт, таму што з Беларусі такі гурт узняўся да сусветных вышынь – гэта вельмі рэдка бывае.


–  Добрая маладзёжная музыка для разгрузкі пасля працоўных будняў… Магчыма, выйдуць за межы СНД. Яны ўжо выйшлі, вядома, і, магчыма, дасягнуць большых вышынь”.

–  Мне больш падабаецца іх музыка на канцэртах, чым альбомныя запісы. Альбомныя запісы я ўвогуле не магу слухаць, не ведаю, чаму. Але на канцэртах яны вельмі крута гучаць.

З’явіўшыся з неадкуль, The Toobes адразу ўзялі высокую планку – толькі наперад, інакш – прорва. Абсалютная вера ў асабістыя сілы, абстрагаванне ад знешніх раздражняльнікаў, безумоўны талент і добразычлівасць нябёсаў дазволілі гурту пайсці шляхам, нехарактэрным для беларускіх каманд. Феномен “Тубсаў” - у свабодзе – як вышэйшай ступені самавыражэння і існавання. Музыка і музыкі The Toobes – і ёсць свабода.

“Тое, што зрабілі хлопцы – гэта вялікі ўнёсак у развіццё беларускай музыкі, і шмат якім беларускім гуртам варта імкнуцца да такога. Бо гэта вялікае дасягненне, - мяркуе наведвальнік прэзентацыі. – Я лічу, што музыка другасная. Але з той падачай, з якой гэта робяць яны, гэта ўнікальна”.


Яго сябра дадае: “Не ўсе могуць заставацца добрымі музыкамі, рабіць усё прыгожа, гэта ад сэрца і пры гэтым яшчэ заставацца добрымі людзьмі. Нягледзячы на тое, што музыка дастаткова прымітыўная – рок-н-рол – на Захадзе гэта вельмі развіта – “Тубсы” робяць гэта вельмі якасна і яны малайцы”.

Пакаленне “Тубс” верыць у сваіх герояў.

“Напэўна, яны ідуць наперадзе планеты ўсёй, скажам так. На нашай сцэне музыкаў такога ўзроўню і такога плана яшчэ не было. Так што, можна сказаць, што яны выведуць нас на новы ўзровень – гэта будзе нешта ўзрушаючае. Столькі драйва, столькі жыцця! Неверагодна!” – радуецца поспеху любімай каманды дзяўчына.

Другая наведвальніца дадае: “Скажам так: яны, напэўна, беларускі рок-н-рол падымаюць на новы ўзровень. Паглядзіце, яны рэдка даюць канцэрты ў Беларусі, у асноўным, граюць за мяжой :тая ж Польшча – гэта ўжо Еўропа. То бок, паступова яны прасоўваюцца ўглыб. У мяне шмат знаёмых за мяжой, у той жа Японіі іх слухаюць – а гэта таксама ўжо паказальна”.


Ёсць і такія меркаванні. Кажа дзяўчына з доўгімі валасамі: “Было прыкольна, калі яны там раптоўна ўсплылі і, што самае цікавае, дагэтуль не затанулі. Бо большасць гуртоў, якія з’явіліся ў той момант, яны зараз ужо не існуюць. Я б не сказала, што яны мегаарыгінальныя, але ў любым выпадку, яны больш якасныя, чым усё астатняе”.

Як успрыме альбом “My Generation” еўрапейскі слухач, і ці здолее ён ператварыць дарогу The Toobes у чырвоную дарожку да вяршынь заходніх чартаў, пакажа будучая зіма і вясна. Менавіта тады выйдзе тамашні рэліз “My Generation” і пройдуць гастролі гурта па Еўропе. Пакуль жа жадаем “Тубсам” поспеху – шлях да славы ох які цярністы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі