Туркменскія ўлады забаранілі цэнзуру

Новы закон дае грамадзянам рэспублікі бесперашкодны доступ да замежных СМІ, забараняе цэнзуру і процідзеянне працы журналістаў з боку службовых асоб, паведамляе lenta.ru.

У адпаведнасці з законам права станавіцца заснавальнікам СМІ атрымалі не толькі органы дзяржаўнай улады, але і юрыдычныя асобы, грамадскія арганізацыі, а таксама грамадзяне рэспублікі, якія дасягнулі 18 гадоў. На развіццё сродкаў масавай інфармацыі дзяржава будзе выдаткоўваць сродкі з дзяржбюджэту, а таксама даваць падатковыя льготы іх заснавальнікам.

На гэты момант у Туркменістане дзейнічае адно інфармацыйнае агенцтва, сем нацыянальных тэлеканалаў, пяць мясцовых радыёстанцый і 39 друкаваных выданняў, прычым заснавальнікам большасці цэнтральных газет з'яўляецца прэзідэнт. У краіне таксама дзейнічае адна прыватная газета пад назвай “Поспех”. Яе ў 2012 годзе стварыла партыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (другая палітычная сіла ў краіне пасля кіраўнічай дэмакратычнай партыі).

Паводле ацэнак экспертаў АБСЕ, туркменскія СМІ маюць найперш прапагандысцкі і ідэалагічны характар, крытычных матэрыялаў пра дзейную ўладу ў іх няма. У арганізацыі таксама не аднойчы звярталі ўвагу на тое, што журналісты, якія пішуць пра парушэнні правоў чалавека ў Туркменістане, падпадаюць пад рэпрэсіі з боку ўлад.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі