У Брэсце прайшоў круглы стол “Мірны атам — ён марны?”
На ім была прэзентаваная “Белая кніга інтэрнэта”.
Гэта электронны дайджэст публікацый, якія раскрываюць патаемныя бакі будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі. Доктар фізіка-матэматычных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Віктар Сіўчык патлумачыў:
"Кошты энергіі, якая будзе выпрацоўвацца на Астравецкай АЭС, будуць вышэй за тыя, якія мы плацім Украіне ды Расіі і нават вышэй, чым у энергасістэме Еўразвязу. Мы будзем выпрацоўваць энергію, якую ў нас ніхто не купіць. Мы вымушаныя будзем самі яе купляць, — аплачваць з бюджэту, коштам дзяцей і пенсіянераў, тую розніцу, якая робіць яе занадта дарагой".
Мінімальныя страты ад будаўніцтва АЭС складуць каля 30 мільярдаў долараў цягам 20 гадоў, мяркуе Сіўчык. Пры гэтым не ўлічанае заўсёднае падаражэнне каштарысу расійскіх АЭС цягам будоўлі прыкладна ўдвая.
Прысутныя падпісалі зварот да кіраўніцтва краіны аб неабходнасці спыніць чарговы атамны эксперымент.