У Эквадоры затрымалі былога беларускага міліцыянта
Затрыманне адбылося напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі, запланаванага ў гэтую краіну.
Як паведамляе праваабарончая арганізацыя "Платформа", з просьбай пра дапамогу звярнуўся былы супрацоўнік аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Аляксандр Баранкоў. Па яго словах, падчас працы ў праваахоўных органах ён выявіў мноства фактаў злоўжыванняў і карупцыі сярод вышэйшых службовых асоб міліцыі, буйных прадпрыемстваў, а таксама фактаў крадзяжу бюджэтных грошай з боку камерцыйных структур.
Паведамляецца, што ў ліпені 2009 года Баранкоў уцёк з Беларусі, бо КДБ пачаў на яго крымінальную справу. Збеглага міліцыянта абвінавацілі ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры і махлярстве. У лістападзе 2009 года, нібыта, на яго пачалі справу за здраду дзяржаве і наўмыснае разгалашэнне дзяржаўнай таямніцы.
Па словах Баранкова, у Эквадоры ён атрымаў статус уцекача. Перад прыездам Лукашэнкі былога беларускага міліцыянта затрымалі. Цяпер ён баіцца магчымай экстрадыцыі на радзіму.
Фота — segodnya.ua