У Гомелі ў аварыю трапіла "хуткая", якая везла дзіця ў лякарню (фота)
Яе пачало кідаць па праезнай частцы і "хуткая" сутыкнулася яшчэ з "БМВ 318" і "Опелем Астра".
Здарэнне адбылося ўвечары ў панядзелак.
Каля 21-й "хуткая дапамога" імчалася з сірэнай па вуліцы Савецкай у Гомелі. У машыне былі жанчына-фельчар, дзяўчына-санітар і маці з гадавалым дзіцем, якога ў цяжкім стане везлі ў дзіцячую лякарню.
У цэнтра горада кіроўца "хуткай" выехаў на скрыжаванне на чырвонае святло і ўрэзаўся ў "Жыгулі", якія ехалі з-за павароту на зялёнае святло.
Як піша "Комсомольская правда", пасля сутыкнення "хуткую" пачало кідаць па праезнай частцы, яна сутыкнулася яшчэ з "БМВ 318" і "Опелем Астра". Пасля гэтага аўтамабіль медыкаў выехаў на тратуар і ўрэзаўся ў дрэва.
У выніку аварыі медыкі атрымалі траўмы і самі трапілі ў лякарню. Кіроўца і маці хлопчыка не пацярпелі. Само дзіця таксама не атрымала ў ДТЗ траўму.
Фота — гомельскае ДАІ.