У Мінскім хостэле можна атрымаць зніжку за правядзенне нацыянальнага вечара

111123 Eurafokus.mp3

Да канца года ў гатэлях Італіі пражыванне можна аплочваць паслугамі ці натураю. У акцыі ўдзельнічаюць больш за 300 гасцініцаў. За прытулак там можна расплаціцца ігрою на гітары, пафарбоўкай муроў ці сеансам масажу. Некаторыя гатэлі гатовыя прадаставіць начлег за маркі, старыя здымкі, распісныя талеркі ці нават шклянкі мёду.

Новаспечаны хостэл “Jazz” у Мінску ды Віцебску таксама прапануе незвычайны фармат начлега і пражывання. Гаворыць заснавальнік хостэла Сяргей Чарняк:


“Нешта падобнае ёсць і ў нас. Да нас прыязджаюць студэнты з Германіі, Італіі, вось зараз будзе засяляцца студэнтка з Бразіліі. Мы прапануем ім, вядома, не дармовае пражыванне, а за нейкую зніжку арганізаваць нацыянальны вечар. На трэцім паверсе, дзе у нас праходзяць канцэрты, мы збіраем людзей і гэты студэнт, альбо студэнтка расказвае пра сваю краіну – тую ж Германію, Бразілію, быў у нас польскі вечар”.


Аднак беларусам усё ж даводзіцца аплочваць паслугі хостэлу традыцыйным грашовым чынам ды ў поўным памеры.

Сяргей Чарняк: “У Віцебску зараз кошт прыкладна такі, там цэны ў нас ніжэйшыя і кошт начлегу там пяць еўра. У Мінску ў нас кошт ад 10 еўра, таму што гэта Мінск. Таму і цэны вышэйшыя”.


У кошт таксама ўваходзіць карыстанне бесправадовым інтэрнэтам, лядоўняй, мікрахвалёўкай, газавай плітой, пральнай машынай ды нават тэлескопам! Таксама маюцца асобныя пакоі для навучання і адпачынку: тэнісны стол, настолькі футбот, твістэр, дартс ды іншыя забавы. Кантынгент кліентаў тут адпаведны.

Сяргей Чарняк: “Нам на кліентаў шанцуе, гэта ўсе вельмі цікавыя людзі, гэта падарожнікі. Я калі сустракаюся з людзьмі – а я вельмі рады, што звязаў сваё жыццё з хостэламі, таму што працуючы ў нейкай іншай сферы, я проста не пазнаёміўся б з такой вялікай колькасцю цікавых, розных людзей. Усе людзі вельмі цікавыя, таварыскія і ніхто у нас нічога пакуль не ламаў”.


Аднак многія апынаюцца ў шоку, калі бачаць, што замест звыклага гатэльнага пакою ім прапаноўваюць ложкамесца.

Сяргей Чарняк: “Спачатку ў іх такі культурны шок, бо людзі прызвычаіліся да чатырох сценаў, у якіх ён знаходзіцца адзін, а тут з табою пражывае адразу некалькі зусім розных людзей. Можа нават быць, што гэтыя людзі не проста з розных гарадоў, а нават з розных краін, з розных кантынентаў. І вось гэты шок, калі людзі ўжо перажылі, то ім падабаецца, робіцца цікава”.


Ну, а для тых, хто прызвычаіўся да большых выгодаў, заўсёды можна зняць нумар у звычайным гатэлі. Аднак і кошты там будуць адпаведныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі