Невыязным з Беларусі перакрываюць і расійскую мяжу?

17.24. Суд над затрыманымі ў Оршы апазіцыянерамі перанеслі на чацвер

Пра гэта бацьку Аляксандра Атрошчанкава, Сяргею Паўлавічу, паведамілі ў аршанскай транспартнай міліцыі.

Сёння Сяргей Атрошчанкаў панёс перадачу сыну, які будзе начаваць у аршанскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).

Атрошчанкаў: "Саша і астатнія пакінутыя ў ІЧУ, бо суд перанесены на заўтра... Я зараз перадаю тое, што дазволена ў ІЧУ. Гэта значыць, ніякіх харчоў, толькі туалетныя прылады, ваду, шкарпэткі, мыла, зубную шчотку".

Нагадаем, што Аляксандра Атрошчанкава, Анатоля Лябедзьку і Сяргея Калякіна знялі сёння зранку з цягніка, які ішоў у Маскву. Спярша ў іх шукалі наркотыкі, а потым абвінавацілі ў дробным хуліганстве. затрыманыя палітыкі, унесеныя ў неафіцыйны "спіс невыязных", накіроўваліся праз Маскву ў Брусэль на сустрэчу з еўракамісарам Штэфанам Фюле.

Сёння на працягу дня суд над затрыманымі так і не пачаўся. Сяргей Атрошчанкаў мяркуе, што і заўтра могуць наладзіць падобную цяганіну з судовым працэсам.

16.10 Суд дагэтуль не распачаўся. Бацька затрыманага Аляксандра Атрошчанкава Сяргей расказаў Еўрарадыё, што ніякіх навінаў аб сыне яму даведацца не ўдалося. Ён працягвае чакаць сына ля будынку суда ў Оршы. Разам з ім там знаходзяцца прадстаўнікі АГП, БНФ і праваабаронцы.

11.08. Лябедзьку, Калякіна і Атрошчанкава ў суд дагэтуль не прывезлі

Разам з тым стала вядома, што ўсіх траіх абвінавачваюць у лаянцы ў грамадскім месцы. Ім пагражае да 15 сутак арышту, піша ў сваім блогу журналіст Уладзімір Чудзянцоў, які змог дазваніцца да Аляксандра Атрошчанкава. Зараз тэлефоны Лябедзькі, Калякіна і Атрошчанкава ізноў недасяжныя.

У Оршы сёння павінны судзіць апазіцыйных палітыкаў, якіх учора вечарам знязлі з цягніка "Мінск — Масква".

Паводле папярэдняй інфармацыі, Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна і Аляксандра Атрошчанкава вінавацяць у "дробным хуліганстве". Судзіць іх будзе Таццяна Серафімовіч.

Як паведаміў Еўрарадыё бацька Атрошчанкава Сяргей Паўлавіч, палітыкаў дагэтуль не прывезлі ў суд са следчага ізалятара.

***

9.40. У Оршы будуць судзіць Калякіна, Лябедзьку і Атрошчанкава

Паводле папярэдняй інфармацыі, іх абвінавачваюць у хуліганстве.

Нагадаем, учора позна вечарам палітыкаў знялі з цягніка "Мінск — Масква". Яны ехалі ў расійскую сталіцу, каб адтуль выехаць у Брусель, дзе была запланаваная сустрэча ў Еўракамісіі.

Як паведаміў Еўрарадыё бацька Аляксандра Атрошчанкава Сяргей Паўлавіч, у суд затрыманых яшчэ не прывезлі. Вось што ён распавёў пра абставіны затрымання ў цягніку:
120328 AtroszczankavaBacka1_0.mp3
"У мяне ёсць інфармацыя, што людзі ў цывільным, не паказваючы дакументы, патрабавалі, каб яны прайшлі з імі. Калякін патрабаваў, каб яны назваліся, але тыя ніяк не рэагавалі, проста груба выцягвалі іх з купэ. А цяпер іх могуць абвінаваціць у супраціўленні супрацоўнікам МУС".


***

Усе трое ехалі ў цягніку "Мінск — Масква". Са сталіцы Расіі яны павінны былі вылецець у Брусэль. Прычыны затрымання пакуль невядомыя, паведамляе ў сваім facebook актывіст БХД Дзяніс Садоўскі. Радыё Свабода дадае, што ў палітыкаў, нібыта, шукалі наркотыкі, а пасля на іх складалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Апазіцыянераў адвезлі ў мясцовы РУУС.

Як адзначае "Хартыя-97", у Лябедзькі, Калякіна і Атрошчанкава былі запланаваныя сустрэчы ў Еўракамісіі.

На раніцу серады сувязь з імі па-ранейшаму адсутнічае — праўдападобна, што мабільныя тэлефоны міліцыянты адабралі.

Нагадаем, што з сярэдзіны сакавіка ўжо больш за 15 апазіцыянераў, праваабаронцаў і незалежных журналістаў сутыкнуліся з праблемамі пры перасячэнні мяжы з ЕС. Усе яны па розным прычынам трапілі ў спіс асобаў, выезд за мяжу Беларусі якім абмежаваны. Аднак да сённяшняга вечара існавала магчымасць выехаць з Беларусі праз тэрыторыю Расіі.

Фота — onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі