Унучкі Лукашэнкі пішуць казкі пра снегавіка і аднарога (ТЭКСТЫ КАЗАК)
Еўрарадыё публікуе творы пераможцаў дзіцячага літаратурнага конкурса. Першае месца на дваіх падзялілі Дар’я і Настасся Лукашэнка.
“Аднойчы ў навагоднюю ноч я прачнулася і падбегла да вакна. Мяне ўразіла нешта незвычайнае: быццам прыгожы белы аднарог чакае мяне і ўсміхаецца”, — пачынае казку васьмігадовая Дар’я Лукашэнка. Журы паставіла Дар’і васьмёрку.
“І раптам я ўбачыла пад елкай маленькага белага аднарога. Я радасна абняла яго, а ён быццам усміхнуўся і падміргнуў мне правым вокам”, — заканчвае сваю казку Дар’я.
У літаратурным конкурсе “Гуляй, зіма, твая часіна!..” яна падзяляе першае месца з сястрой — Настассяй Лукашэнка. Іх працы сталі лепшымі ў катэгорыі “Творчыя работы малодшых школьнікаў”. Настасся напісала на дзевяць.
Пачаткі у казак падобныя.
“Аднойчы зімовай раніцай я стаяла каля акна і глядзела, як падае снег. Снег падаў проста на снегавіка, якога мы з сястрой зляпілі напярэдадні. Раптам мне здалося, што ў снегавіка з’явіліся вочкі”, — піша ў сваёй казцы Настасся Лукашэнка.
“Мама, вядома, вырашыла, што мне ўсё здалося. Але мая сястра зразумела, што са мной сапраўды адбыўся цуд і з тых часоў марыць сустрэць чароўнага снегавіка”, — заканчваецца казка.
Другое месца заняў вучань другога класа Алесь Клікуноў. Яго твор больш драматычны.
“Была зіма. Па лесе ішоў сабака. Ён быў стары, і яго выгналі з хаты. Раптам сабака ўбачыў хатку. Гэта была хатка Дзеда Мароза”, — піша хлопец.
Напрыканцы казкі школьнік узгадвае памочнікаў Дзеда Мароза:
“Курачка дапамагала Дзеду Марозу збіраць падарункі. Сваёй дзюбай яна брала цукеркі і складвала іх у святочныя пакецікі. А конь у навагоднюю ноч развозіў Дзеда Мароза і падарункі. Вось такія добрыя памочнікі ёсць у Дзеда Мароза!”.
Журы конкурсу ўзначальваў дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”. Старшыня журы не баіцца, што за ўзнагароджанне ўнучак Лукашэнкі яго абвінавацяць у ліслівасці да ўлады.
Ліпскі: "Калі ласка! Хай пішуць што хочуць. Гэта сапраўды выдатныя казачкі, выдатныя сачыненні. І я асабіста ўнёс такую прапанову".
І падкрэслівае, што ўнучкі кіраўніка краіны пісалі па-беларуску. А творы падавалі пад уласнымі імёнамі.
“Пад уласнымі імёнамі. Мне падалі гэта — і я выказаў свае думкі. .Па-беларуску. Адной восем гадоў, другой — дзевяць. Вучыцца ў гімназіі. Выдатна! Каб усе дзеці нашы так сачынялі, пісалі..."
Усіх пераможцаў конкурса будуць віншаваць 18 студзеня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. На цырымонію прыйдзе малодшы сын паэта Міхась Міцкевіч.
Казка Настассі Лукашэнка:
Казка Дар'і Лукашэнка
Казка Алеся Клікунова (другое месца):
Фота 1: belta.by