Як па прыкладзе трэнера Яфімава мы падсыпалі допінг у каву (фота, відэа)
Еўрарадыё ўдалося набыць метэналон, з-за якога ў Астапчук забралі алімпійскае золата, і праверыць, ці маглі допінг насамрэч “падсыпаць”.
Трэнер Аляксандр Яфімаў сцвярджае, што сам падсыпаў допінг метэналон у каву Надзеі Астапчук. Пры дапамозе журналісцкага эксперыменту правяраем праўдзівасць гэтых словаў.
Звяртаемся да спартсменаў, якія дапамагаюць нам знайсці на ценявым рынку анабалічны стэроід.
100-міліграмовую ампулу з метэналонам купляем цягам аднаго дня. Рынкавая назва прэпарата “Прымабол”. Кошт – каля васьмі долараў. Прэпарат уводзіцца ўнутрымышачна, але паэксперыментуем і з ім.
Таблетак жа нам давялося чакаць каля двух тыдняў. У выніку за 60 долараў купляем упакоўку “Прымабол таблетс”, вага кожнай пілюлі – 50 міліграмаў. На ўпакоўцы прамым тэкстам пазначана: “Анабалічны гармон для прасоўвання канструктыўнага анабалізму бялку”.
Эксперымент 1.
У гарачую распушчальную каву дадаём вадкасць “Прымабол” з ампулы, мяшаем.
На паверхні ўтварылася тлустая пляма, не заўважыць якую не магчыма. Таксама кавава-анабалічная мяшанка вылучае відавочны хімічны пах. Такім чынам, незаўважна дадаць такі допінг у каву – немагчыма.
Эксперымент 2.
Дзве таблеткі метэналону з упакоўкі “Прымабол таблетс” таўчом і дадаём атрыманы парашок у каву. Размешваем. Парашок распушчаецца з цяжкасцю, прыліпае да лыжкі і белымі кропачкамі плавае на паверхні.
Інтэнсіўна размешваем парашок у каве яшчэ цягам некалькіх хвілін. Белыя кропачкі знікаюць з паверхні.
На пах атрыманы напой нямногім адрозніваецца ад кавы. Каштуем. Адчуваецца хімічны прысмак, але невідавочны. Не кожны гэта заўважыць.
Пераліваем напой у іншы кубак – на дне бачым відавочны асадак, не заўважыць які – немагчыма. Парашкападобны метэналон, як аказалася, распушчаецца не цалкам.
Такім чынам, хутка падсыпаць метэналон у каву – няпроста. Не заўважыць асадак на дне кубка – складана. Толькі калі вы не гурман, спяшаецеся або вам усё адно, што вы пілі. Спартсмены акурат вельмі ўважліва ставяцца да ўсіх прадуктаў і напояў.
Высновы
Эксперымент Еўрарадыё паказвае, што незаўважна распусціць як вадкі, так і парашкападобны метэналон у каве вельмі складана.
Пра гэта сведчаць і папярэднія даследаванні Еўрарадыё: аказалася, што кавы, у якую, па словах трэнера, быў падсыпаны допінг, не было ў меню рэстарана, дзе Астапчук харчавалася.
Якая місія допінгу ў арганізме Надзеі Астапчук?
Расследаванне Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва сведчыць: допінг падсыпаў трэнер, без ведама спартсменкі.
Да гэтай версіі многія эксперты ставяцца крытычна: навошта заслужанаму трэнеру Яфімаву падсыпаць парашок, калі практычнага сэнсу ад гэтага няма?
Па іншай версіі, Астапчук прымала метэналон для паляпшэння вынікаў. Але своечасова вывесці прэпарат з арганізму не паспелі.
“Усё сыходзіцца. Гэта прэпарат высокай ступені актыўнасці, дазваляе дакладна рэгуляваць тэрміны яго вывядзення, прэпарат вельмі эфектыўна выкарыстоўваецца жанчынамі, — пералічвае выканаўчы дырэктар Расійскага антыдопінгавага агенцтва Мікіта Камаеў. – Ёсць нашмат больш простыя прэпараты, субстанцыі і метады, якія дазваляюць, скажам так, рабіць спартсмена вінаватым, без яго ўдзелу. Метэналон – гэта прэпарат, які набываецца, выкарыстоўваецца ў вузкіх канкрэтных выпадках людзьмі, якія ведаюць, на што ідуць”.
Паводле СМІ, Надзея Астапчук перастала прымаць удзел у міжнародных стартах прыкладна за два месяцы да Алімпіяды. Гэта акурат той тэрмін, за які можна прайсці метэналонавы курс і вывесці сляды стэроіда з арганізму. Праўда, гэты аргумент – усяго толькі суб’ектыўныя назіранні.
Нагадаем, што пытанне па тэрмінах дыскваліфікацыі для Надзеі Астапчук спачатку вырашыць Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі.
“Потым мы зацвердзім гэта рашэнне ці не, — паведамляе Еўрарадыё мэнаджар па сувязях Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Яніс Нікалаоу. – Таму што часам мы не зацвярджаем і мы звяртаемся ў федэрацыю, каб рашэнне, калі яно няправільнае, было зменена”.
У чым праўда? Ці прымала Надзея Астапчук допінг асэнсавана? І якая роля трэнера?
Рабіце высновы самі.