Як я шукала кватэру

120807 Savich Haty.mp3

Першае пытанне – кошт. Прагледзеўшы сайты аб здачы кватэр прыходжу да вынікаў, што сярэдні кошт аднапакаёўкі - 210-230 долараў.

Аднак ужо ў першым агенцтве “Мальнар” мяне спускаюць на зямлю: “Кватэру за 200? Зараз няма такіх кватэр! Можаце разлічваць на 250-300. Прычым, якасць кватэры за 250 і за 300 будзе не моцна адрознівацца, - кажуць у агенцтве “Мальнар". - Гэта будзе звычайная кватэра, максімум, што там будзе – пральная машына”.

Агенцтва працуе па факце і бярэ за паслугу 50% ад кошту кватэры. Заканамернае пытанне - навошта плаціць агенцтву, якое здыме, асабліва не турбуючыся, кватэру за 300 баксаў, калі аб'ява на слупе дасць яшчэ больш хуткі эфект. Гарантую, што жадаючыя здаць кватэру за гэтую суму знойдуцца за гадзіну. Але людзі згаджаюцца, бо баяцца не зняць кватэру ўвогуле.

Адчыняю газету “З рук у рукі” - аб'яў мільён, але, прыгледзеўшыся, разумею, што дзесьці 80% - гэта аб'явы зноў жа агенцтваў - па факце і перадаплаце, якія абяцаюць знайсці кватэру “хутка і надзейна”.

Першай, на іх бяду, трапілася рэклама агенцтва “Гарадское кальцо”: “У нас ёсць варыянты на Каліноўскага, ва Уруччы, на Якуба Коласа. У сярэднім, цяпер аднапакаёвыя кватэры каштуюць 200-250 долараў", - радуе выбарам агент Вольга.

200 долараў у разгар ажыятажу сярод студэнтаў-абітурыентаў, і гэта пры тым, што ўсяго некалькі хвілін таму мне дакладна казалі, што такіх кватэр не існуе! Хоць зараз можна ехаць і глядзець! Але дзяўчына тут жа абсякае:

“Вы прыязджаеце ў агенцтва, наша паслуга па перадаплаце каштуе паўмільёна (!), мы пры вас тэлефануем у кватэры, якія вас цікавяць, і вы едзеце глядзець варыянты”.

Нібыта, усё празрыста. Але хто сказаў, што агенцтвы будуць тэлефанаваць канкрэтна гаспадарам кватэр, а не падстаўным асобам? Дзяўчына абражаная:

“Ну што вы за глупствы кажаце”, - абурылася Вольга і другі раз настойліва прапанавала прыехаць у офіс для заключэння дагавора на аказанне паслуг.

Ужо літаральна купіўшыся на прапанову, раюся з сяброўкай, у якой есць вопыт кантактаў з агенцтвамі па папярэдняй аплаце: яна ў мінулым годзе заплаціла агенцтву 300 000 рублёў і засталася з носам, бо кватэра або здадзеная, альбо іншы кошт, альбо нельга датэлефанавацца.

На працягу аднаго дня я пакідала заяўкі “ў рэжыме спам” літаральна ва ўсіх агенцтвах, якія больш-менш на слыху. У лепшым выпадку, агенты ператэлефанавалі, каб удакладніць параметры пошуку і папярэдзіць, што цяпер вельмі складаная сітуацыя на рынку кватэр. На гэтым тэлефонныя зносіны проста заканчваліся.

Зразумеўшы, што ніякае агенцтва не знойдзе мне кватэру, пачала маніторыць сайты аб здачы кватэр самастойна. Але і тут часта трапляліся агенты, якія хаваліся за простымі людзьмі. Натыкнулася на агента па факце Яўгена. Ён прапанаваў мне кватэру на Каліноўскага, але на пытанне “Ці першая я ў чарзе”, пачула адказ, што на яе ўжо “чалавек 20 жадаючых”. На магчымасць дамовіцца агент на дзіва быў згаворлівы:

“Па вашых тарыфах!”.

Усё проста - трэба прапанаваць агенту грошай, каб быць першай у чарзе і ўсяго-та!

Яшчэ адна кватэра: на Карла Лібкнехта, 123 - гэта ж цэнтр горада! У аб’яўцы сказана, што кватэра знаходзіцца недалёка ад метро… Маладзёжная! Не магу ўтрымацца, тэлефаную: у агенцтве “Квартал-сіці”, якое здае гэтую кватэру пацвярджаюць:

“Кватэра ў добрым стане, чыстая, акуратная, ўся тэхніка бытавая”, - кажа жанчына.

Я паказваю агенту на відавочную недакладнасць: вуліца Карла Лібкнехта - гэта будучая станцыя метро “Грушаўская”, максімум – “Няміга”! Але ніяк не “Маладзёжная”, на што агент выдае: “Гэта калі па першай лініі метро – “Грушаўская”, а калі па другой - гэта метро Маладзёжная. Так па карце, па крайняй меры, паказана”. Без каментарыяў!

У агенцтве “Твая сталіца”, дзе я “ў рэжыме спаму” пакідала заяўкі на кватэру, мне ператэлефанавалі толькі некалькі разоў. У агенцтве заўважаюць, што такога ажыятажу не было вельмі даўно.

Ажыятаж з арэндай кватэр эканом-класу пачаўся не са студэнтаў! Студэнты пачалі тэлефанаваць тыдзень таму. Мы едзем паказваць кватэру кліенту, а кватэру ўжо здалі. Людзі ў чэргі выстройваюцца, каб паглядзець кватэру", - распавядае начальнік аддзела арэнды «Твая сталіца» Вольга.

Ажыятаж на кватэры ў агенцтве тлумачаць пагаршэннем матэрыяльнага становішча:

“Мы нядаўна чыталі артыкул, што за год было вельмі шмат звальненняў – магчыма, таму людзі пачалі пераязджаць, шукаць новыя месцы! А гаспадары кватэр бачаць, які попыт, і не скідваюць кошты. Кошты на кватэры цяпер вар’яцкія! 250 долараў за кватэру на ўскраіне і гаспадары трымаюць цану, таму што ведаюць, не першы, дык пяты чалавек яе здыме”, - кажа Вольга.

Па словах дзяўчыны - сярэдняя цана на кватэры - гэта 200-250 долараў, а ўсё што вышэй - гэта відавочна завышаная цана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі