Залечваць траўмы пасля Алімпіяды спартсменаў адправяць у паліклініку

120712 Valo6in Poliklinika.mp3

Пакуль беларускія атлеты будуць адстойваць гонар краіны на Гульнях у Лондане, у Мінску пераселяць і знясуць галоўны Рэспубліканскі цэнтр спартовай медыцыны (РЦСМ).


Ёсць загад Мінспорту, ёсць рашэнне Мінгарвыканкама. Нас сапраўды пераводзяць. Вось і ўсё”, — неахвотна адказвае на тэлефанаванне Еўрарадыё намеснік дырэктара па медыцынскай частцы Аляксандр Чахоўскі.


Гэта гісторыя з пераводам цэнтра доўжыцца ўжо больш за тры гады. Стары будынак месціцца ў “салодкім” месцы, дзе гарадскія ўлады ўжо даўно хочуць паставіць гатэль, падняўшыся на інвестыцыях. 
Але тры гады таму прэса нарабіла шуму, і да Алімпіяды Цэнтр спартовай медыцыны вырашылі не высяляць.

Як толькі алімпійцы выедуць у Лондан, сённяшні будынак РЦСМ падрыхтуюць да зносу, а медыкаў перавядуць…у будынак 38-й паліклінікі па вуліцы Варанянскага (раней гэту ўстанову называлі "чыгуначнай паліклінікай”).


Мы ездзілі на суботнік туды ўжо ў красавіку. Драялі паверхі, якія нам вызвалілі, — распавядае адзін з медыкаў РЦСМ. — Цэнтр будзе месціцца ў розных крылах, што для абслугоўвання спартсменаў нязручна. Да таго ж некаторае медыцынскае абсталяванне нават падчас самых акуратных перавозак можа быць пашкоджана. Яно на гэта не разлічана. Усім спартсменам аказвалася дапамога ў поўным аб’ёме, хоць ужо перад Алімпіядай рабіць гэта было няпроста. Але нікому не было адмоўлена. Аднак як толькі спартсмены вернуцца з Лондана, і, як гэта бывае, нехта траўмуецца, то гарантый, што будзе ў поўным аб’ёме аказана дапамога, няма”.


Чым можа адгукнуцца нелагічны перавод РЦСМ? Ды тым, што на нейкі час развіццё спартовай медыцыны стане на месцы. І на выніках алімпійцаў гэта, безумоўна, адаб’ецца. У Лондан, да прыкладу, ужо не едзе прызёр мінулай Алімпіяды шматборац Андрэй Краўчанка, які за свае грошы зрабіў аперацыю ў Фінляндыі. Хоць скардзіўся на траўму яшчэ ў сакавіку 2011 года. Тады Андрэй узяў золата на чэмпіянаце Еўропы, пераадольваючы боль у ступнях.


Цэнтр будзе размешчаны ў параўнальна нязручным месцы, не па лініі метро. І гэта таксама палохае спартсменаў.


Перавод РЦСМ ударыў і па пацыентах паліклінікі, якую “акупіруюць” спартсмены. Звычайных грамадзян перавялі з сучаснага будынка, які адпавядаў стандартам, у нязручнае крыло, дзе раней месцілася дзіцячая паліклініка. А малым і іх бацькам загадалі каму куды пераводзіцца ў іншыя лячэбныя ўстановы.


Супрацоўніца 38-й паліклінікі распавядае Еўрарадыё пра тое, якія паверхі ў іхным будынку занялі спартсмены.

Супрацоўніца 38-й паліклінікі: “Сёмы паверх, шосты, чацвёрты… Карацей, усіх нас павыганялі і павысялялі.  Галоўнага ўрача выселілі сюды — у дзіцячую паліклініку…”.

Пацыентаў 38-й паліклінікі перавялі ў калідоры, дзе раней абслугоўвалі дзяцей


Яшчэ адна медыцынская супрацоўніца скардзіцца, як цяжка стала інвалідам і пенсіянерам наведваць паліклініку.


Медыцынская супрацоўніца:А паглядзіце, на мыліцах на трэці-чацвёрты паверх як яны падымаюцца! Мне іх шкада, гэтых людзей. Яны, старэнькія, на дзвюх палачках ці на мыліцах ледзьве спускаюцца і ледзьве падымаюцца. Нас выселілі, забраўшы ліфты і іншае…”

Блукаем па калідорах паліклінікі, дзе карэспандэнту Еўрарадыё жаліцца на нязручныя новаўвядзенні адна з бабулек. Паверхі, якія аддалі спартсменам, яна сёння лічыць каралеўскімі пакоямі.

Бабуля: Там свабодна, бачна ўсё. А тут — як у турме, хоць я там і не была. Мне 80 гадоў. Як мне, добра падымацца без ліфта? Пакуль паднялася — запыхалася. Тым больш у мяне другая група інваліднасці”.


З-за адсутнасці ліфтоў нават інваліды вымушаны падымацца на паверхі па вось гэтых лесвіцах 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі