Занятасць, адказнасць. Чаму зоркі эстрады і спорту не ідуць на выбары?

Спявак Аляксандр Саладуха, напрыклад, паспешліва распавёў Еўрарадыё, што не справіцца з такім абавязкам, бо запрошаны на шэраг канцэртаў.

Аляксандр Саладуха: “Я выступаю ў трох месцах. У мяне сольны канцэрт і сёння, на Заходнім рынку. У 17.00 я пераразаю стужку, у 18.00 — мой сольнік”.

Спявачка Ірына Дарафеева пойдзе галасаваць у нядзелю, 23 верасня. Да таго ж у дзень выбараў наўмысна выправіцца ў іншую мясцовасць.

Ірына Дарафеева: "Прыйду на свой выбарчы ўчастак, азнаёмлюся з кандыдатурамі і пакіну свой голас".

Еўрарадыё: Вы ведаеце кандыдатаў на сваім выбарчым участку?

Ірына Дарафеева: "Пакуль не ведаю, таму што я буду галасаваць у Дзяржынскім раёне. Паколькі я прапісаная там. Таму я спецыяльна туды з’езджу ў дзень галасавання".

Саліст гурта AKUTE Рома Жыгараў, пачуўшы пытанне пра выбары, адказаў сцісла і катэгарычна. 

Рома Жыгараў: “Асабіста ў мяне проста іншыя планы”.

Алімпійскі чэмпіён па тэнісе Максім Мірны на парламенцкіх выбарах прагаласаваць не зможа. Пра гэта Еўрарадыё распавёў яго бацька Мікалай Мікалаевіч. 

Мікалай Мірны: “Ён цяпер у Злучаных Штатах, і ў яго горадзе дакладна няма выбарчага ўчастка”.

Сам бацька тэнісіста знаходзіцца ў Беларусі і на выбары абавязкова пойдзе. Цікавімся ў яго, якія якасці кандыдатаў маюць для яго першаснае значэнне.

Мікалай Мірны: “Адукаванасць у першую чаргу, прыстойнасць і погляды павінны супадаць з маімі. Увогуле ўсё ад нас залежыць, а не ад дэпутатаў. Вось так я скажу”.

Пяціразовы паралімпійскі чэмпіён у плаванні Ігар Бокій, найбольш верагодна, не зможа прыбыць на выбарчы ўчастак. А калі і зможа, то не прагаласуе… з-за адказнасці перад самім сабой.

Ігар Бокій: "Не, я не буду прысутнічаць на выбарах. Хутчэй за ўсё, з’еду з Беларусі на адпачынак. Гэта мае першыя выбары. Але цалкам вызначыцца я не магу, таму пакуль не буду галасаваць”.

Футбаліст БАТЭ Віталь Радзівонаў таксама не возьме ў рукі выбарчы бюлетэнь. У дзень асноўнага галасавання ён гуляе з мінскім “Дынама” і не паспявае прыйсці на свой ўчастак.

Віталь Радзівонаў: “Ведаю, што ёсць магчымасці прагаласаваць датэрмінова. Але ў мяне на дадзены момант няма часу. Увогуле я імкнуся ўдзельнічаць ва ўсемагчымых выбарах, але на гэты момант няма часу. Да таго ж вельмі мала інфармацыі пра кандыдатаў, складана вось так адразу зарыентавацца, нават прыйшоўшы на выбарчы ўчастак”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі