Роднае сяло алігарха — легенда пра грузінскую мару

Сяло Чарвіла, люты 2019 год. Фота Давід Піпіа, JAMnews
Сяло Чарвіла, люты 2019 год. Фота Давід Піпіа, JAMnews

Паводле матэрыяла JAMnews,

Адаптацыя тэксту: Дыяна Петрыяшвілі, "Медыясетка".

Нічым не адметнае сяло ў небагатай грузінскай правінцыі змянілася пасля таго, як разбагацеў адзін з яго ураджэнцаў. Сяло Чарвіла — радзіма алігарха і ценявога кіраўніка Грузіі Бідзіна Іванішвілі. Для абывацеля гэта месца доўгі час было чымсьці накшталт рэкламнай вітрыны: бясплатнае медабслугоўванне, шчодрая дапамога, надбаўкі да заробкаў і каштоўныя падарункі ўсім мясцовым жыхарам... Калі мільярдэр Іванішвілі абвясціў пра тое, што ён ідзе ў палітыку, многія вырашылі, што Чарвіла — гэта свайго роду перадвыбарнае абяцанне, і калі прагаласаваць за створаную Іванішвілі палітычную сілу, магчыма, ва ўсёй Грузіі жыццё стане такім жа прыгожым, як у Чарвіле. Гэтага, аднак, не адбылося. Больш за тое, зацягнуць паясы прыйшлося і самім чарвільцам — у гэтым пераканаліся журналісты JAMnews, якія пабывалі ў гэтым сяле.

 

Сяло Чарвіла Сачхерскага раёна знаходзіцца ў Заходняй Грузіі, у 166 кіламетрах ад Тбілісі. Па маштабах маленькай Грузіі гэта глыбокая правінцыя, глухамань. Рэгіён, у якім яно размешчанае, называецца Імерэці, гэта край гістарычна небагаты, з не самай урадлівай зямлёй, з забытымі ў постсавецкі перыяд прамысловымі аб'ектамі, які стогне, як, зрэшты, і ўся астатняя Грузія, ад беспрацоўя. Пыл пабітых дарог, якія пакрыўленыя платы, старыя пабудовы — такі звыклы сельскі краявід.

На гэтым фоне сяло Чарвіла — ці то аазіс, ці то міраж у пустыні. Гладкае дарожнае пакрыццё, яркая чарапіца новых дамоў, дыхтоўныя агароджы — больш падобна на горнае паселішча дзе-небудзь у Швейцарыі.

Сяло да гэтага часу ахутанае міфамі, да Тбілісі даносяцца іх адгалоскі — часам Чарвілу называюць еўрапейскай вёскай, а часам — аазісам сацыялізму, з тлумачэннем, што, маўляў, асобна ўзятаму грузінскаму мільярдэру ўдалося тут зрабіць тое, што так і не атрымалася ў савецкай улады...

Бясплатны сыр — да 2012 года

"Сацыялізм", напрыклад, выяўляўся ў тым, што жыхары Чарвілы не плацілі за газ. Пры гэтым газавыя абагравальнікі ўсім раздаваліся бясплатна, як, зрэшты, і іншая бытавая тэхніка, напрыклад, тэлевізары і халадзільнікі. Перыядычна халадзільнікі мясцовых жыхароў забіваліся ежай — таксама бязвыплатна.

У сяле пабудавалі новую школу, у райцэнтры непадалёк (гарадок называецца Сачхерэ) адкрылі бальніцу з сучасным абсталяваннем і талковымі лекарамі, якія ўсіх жыхароў раёна абслугоўвалі бясплатна, ды і з чужынцамі не скупіліся — калі выпадак быў экстраны, лячылі, і з прапіскай не звяраліся.

Урачам і настаўнікам плацілі годна — да зарплаты ім належала істотная надбаўка. Апісаныя даброты даставаліся не абраным, а ўсім без выключэння жыхарам вёскі.

Адзіным спонсарам "сацыялізму" ў Імерацінскай вёсцы быў Бідзіна Іванішвілі, бізнесмен, які нарадзіўся ў Чарвіле 63 гады таму. З пачатку 2000-х ён разгарнуў у сяле маштабную рэабілітацыю (па сутнасці, адбудаваўшы усе дамы нанова), затым укараніў сістэму льгот. У 2011 годзе ён даволі нечакана абвясціў пра тое, што ідзе ў палітыку, стварыў кааліцыю "Грузінская мара" і неўзабаве атрымаў каласальную падтрымку ў грамадстве, стомленым ад дзевяцігадовага праўлення каманды Міхаіла Саакашвілі.

Прыблізна ў гэты ж час "сацыялізм" на малой радзіме Іванішвілі стаў згортвацца.

 

Родное село олигарха — легенда о грузинской мечте
JAMnews

Чаму скончылася шчодрасць

Льготы адмяняліся паступова, але на сённяшні дзень у Чарвіле ўжо ўсім прыходзяць рахункі за газ, надбавак да заробкаў і пенсій больш не выплачваюць, няма ні падарункаў, ні бясплатных рамонтаў, ні льгот на медыцынскія паслугі.

Чаму ўсё так змянілася? Мясцовыя жыхары называюць некалькі прычын, і, падобна, яны катэгарычна не згодныя з тым, што, дарваўшыся да ўлады, Іванішвілі проста згарнуў непатрэбную перадвыбарчую агітацыю.

Напрыклад, сусед мільярдэра, пажылы чалавек па імені Гурам, лічыць, што справа ўвогуле ў былым прэзідэнце (і галоўным апаненце алігарха) Міхаіле Саакашвілі, маўляў, гэта ён вымусіў Бідзіна спыніць дапамагаць чарвільцам.

"Саакашвілі яго папрасіў, таму што [у іншых рэгіёнах] многія былі незадаволеныя. Ён [Іванішвілі] перастаў плаціць тут, каб нікому не было крыўдна".

Яшчэ адна названая прычына, па якой вяскоўцам даводзіцца зацягнуць паясы, — карупцыя. Адна з нашых суразмоўніц распавяла, што ў Палацы рытуалаў, які некалькі гадоў бясплатна абслугоўваў жыхароў вёскі, у якіх была неабходнасць адзначыць вяселле ці памінкі, хутка прыме першае платнае вяселле:

"Нейкіх грошай недалічыліся, таму і дырэктара звольнілі", — тлумачыць жанчына. Раней, акрамя бясплатнага рытуалу, усім маладым уручалі па 3000 долараў — у падарунак.

Гурам сцвярджае, што Іванішвілі працягвае клапаціцца пра аднавяскоўцаў, але цяпер робіць гэта выбарачна: у вёсцы, паводле яго слоў, ёсць "каменданты" мільярдэра — нейкія людзі, якія "сочаць за ўсім, што адбывалася" і дакладваюць гаспадару, хто ў чым мае патрэбу.

 

Родное село олигарха — легенда о грузинской мечте
JAMnews

Іншы рэспандэнт, Цямур Капанадзэ, лічыць, што ў тым, што шчодрасці мільярдэра знікла, вінаватыя самі чарвільцы.

"Трэба — не трэба, а ва ўсіх кругласутачна гарэла святло. Сам бачыў не раз, як людзі ўключалі абагравальнікі, а пры гэтым акно адчыненае! Ну і колькі так магло працягвацца?! Чалавек, які ўмее зарабляць, ён і цану грошам ведае", — раздражнёна кажа Цямур Капанадзэ.

Ён аказаўся адзіным жыхаром вёскі, які запрасіў нас у дом і нават дазволіў здымаць. Журналістаў у вёсцы вельмі не любяць, усе астатнія жыхары на наш стук баязліва выглядалі з-за завешаных акон і адчыняць не спяшаліся (дарэчы, не запрасіць у дом госця для любой іншай грузінскай вёскі — гэта нонсэнс).

Капанадзэ беражліва дастае з фотаальбома сямейную рэліквію —- фатаграфію са школьнай экскурсіі. На чорна-белым фота — група чацвёртакласнікаў, у тым ліку сам Цямур і будучы мільярдэр Бідзіна.

 

Родное село олигарха — легенда о грузинской мечте
Школьны фотаздымак Бідзіны Іванішвілі (у сярэдзіне ў ніжнім радзе). 1970 год. Фота з асабістага архіва Цямура Капанадзэ. Сяло Чарвіла, Грузія / JAMnews

Кожнаму па ілюзіі

На сённяшні дзень Бідзіна Іванішвілі не толькі самы заможны чалавек у Грузіі, але і валодае найбольшым палітычным уплывам.

Іванішвілі ўпершыню выйшаў на палітычную арэну ў 2011 годзе, заснаваўшы тады апазіцыйную кааліцыю "Грузінская мара". У 2012 годзе ён перамог з ёй на парламенцкіх выбарах і ўзначаліў кабінет міністраў. У 2013 годзе Іванішвілі сышоў у адстаўку, адмовіўшыся і ад старшынства ў сваёй партыі. У красавіку мінулага года ён афіцыйна вярнуўся, зноў узначаліўшы кіруючую партыю.

Апаненты ўлады абвінавачваюць Іванішвілі у тым, што ён заставаўся фактычным кіраўніком у краіне і пасля фармальнага сыходу ў 2013 годзе. Апазіцыя сцвярджае, што сёння ўсе важныя палітычныя пытанні Іванішвілі вырашае аднаасобна, у прыватнасці, менавіта ён выбірае, каму быць прэм'ерам, і каму — кандыдатам у прэзідэнты. Многія грузінскія эксперты лічаць, што Іванішвілі карыстаецца практычна неабмежаванай уладай і пры гэтым ён фактычна не абцяжараны ніякай адказнасцю.

Выкарыстанне Чарвілы ў якасці перадвыбарчай агітацыі было эфектыўным ходам, лічыць палітолаг Гія Нодзія. "Хоць у якасці мадэлі [развіцця для Грузіі] Чарвіла зусім не падыходзiць, але Іванішвілі здолеў стварыць розныя ілюзіі для розных сацыяльных груп", — кажа Нодзія.

У перадвыбарнай кампаніі 2012 года агітатары ад "Грузінскай мары" прама абяцалі выбарцам: "Іванішвілі ператворыць у Чарвілу ўсю Грузію!".

Незадоўга да гэтага ў краіне разгарнулася маштабная медыя-кампанія, у якой выбаршчыку падрабязна распавялі пра шчодрага мецэната Іванішвілі, яго родную вёску і яго надзвычай прывабнае бліжэйшае атачэнне.

Родное село олигарха — легенда о грузинской мечте
Бідзіна Іванішвілі / Reuters

Штрыхі да партрэта алігарха

І паколькі "сацыялістычнае" сяло сапраўды існавала (любы жадаючы мог прыехаць і асабіста пераканацца ў яго рэальнасці), легкаверны грузінскі выбаршчык неўзабаве прасякнуўся і іншымі абяцаннямі каманды Іванішвілі. Яна абяцала, у прыватнасці, наступнае: беспрацоўя не будзе, таму што за пяць гадоў Іванішвілі пабудуе ў Грузіі сто новых заводаў; сёлы перастануць галадаць, таму што кожнай вёсцы ўжо на першым этапе выдзеляць па пяць мільёнаў лары (каля трох млн. долараў па курсе таго часу); насельніцтву — і сельскаму, і гарадскому — будзе нашмат прасцей зводзіць канцы з канцамі, таму што камунальныя тарыфы (гэта адна з галоўных артыкулаў расходу ў любой грузінскай сям'і) скароцяцца ўдвая, а яшчэ ўпадуць цэны на бензін.

"Сваю долю ілюзій атрымаў не толькі электарат, але і палітыкі, якія вырашылі далучыцца да Іванішвілі, — кажа Гія Нодзія. — І тыя, хто кіраваўся на Захад, і тыя, хто гараваў па разарваных адносінах з Расіяй. Меншасці слухалі развагі пра раўнапраўе, а гамафобы падтрымлівалі яго за размовы пра даніну традыцыям".

Лідар найстарэйшай у Грузіі Рэспубліканскай партыі Давід Зурабішвілі быў адным з першых, хто атрымаў запрашэнне ўвайсці ў кааліцыю Іванішвілі. Сёння Зурабішвілі кажа, што Іванішвілі здолеў яго падмануць.

"Калі я ўведаў яго лепей, я зразумеў, што ў правільныя словы ён ўкладвае зусім іншы сэнс. Напрыклад, калі ён кажа, што "грамадства павінна кантраляваць уладу", пад грамадствам мае на ўвазе сябе асабіста", — кажа Зурабішвілі.

У Чарвіле пра ўсемагутнага земляка кажуць асцярожна, шэптам — прынамсі, у прысутнасці журналістаў. Перад вілай Іванішвілі — верталётная пляцоўка. Пра тое, што алігарх накіроўваецца дадому, мясцовыя даведваюцца звычайна па грукаце верталётнага рухавіка.

"Слёзы падступаюць, калі пра такіх людзей ганебныя размовы вядуцца", — кажа Лалі Макасарашвілі, загадчыца дзіцячага сада ў Чарвіле. Лалі цярпець не можа, калі Іванішвілі крытыкуюць. Зрэшты, у Чарвіле яго ніхто і не крытыкуе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі