“Рок-салідарнасць” выпраўляецца на гастролі па Беларусі
Кампанія правядзе 5 канцэртаў у розных гарадах Беларусі. На іх выступяць Аляксандр Памідораў, Паліна Рэспубліка, Зміцер Вайцюшкевіч і Піт Паўлаў.
Грамадская кампанія “Рок-салідарнасць” стартавала ў 2011 годзе з мэтай распавесці пра музыкаў, забароненых у Беларусі. Акцыі “Рок-салідарнасці” прайшлі ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, Наваполацку, Салігорску, Маладзечне і іншых гарадах. У ліпені адбудзецца чарговая серыя канцэртаў і творчых сустрэч.
20 ліпеня ў горадзе Міёры Віцебскай вобласці выступіць Піт Паўлаў. Канцэрт пройдзе ў касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Яшчэ адзін канцэрт Піта Паўлава адбудзецца 26 ліпеня ў вёсцы Залессе Камянецкага раёна. Пачатак у 18:00
23 ліпеня Маладзечна наведае Паліна Рэспубліка. Сустрэча пройдзе па адрасе: вуліца Чыстая, 26. Пачатак у 19:00.
24 ліпеня ў Оршы “Рок-салідарнасць” запрашае на кватэрнік Аляксандра Памідорава. Ён пройдзе па адрасе: вуліца Чырвонаармейская, 13. Пачатак у 18:00.
Завершыцца серыя канцэртаў творчай сустрэчай са Змітром Вайцюшкевічам 25 ліпеня ў вёсцы Тычыны пад Салігорскам. Яна адбудзецца ў прыватнай сядзібе па адрасе: вуліца 21, д.12. Пачатак у 18:00.
Уваход на ўсе мерапрыемствы будзе вольным.